Агляд прэсы: беларускія надзеі на Белы дом
Святлана Ціханоўская верыць, што Джо Байдэн згуляе ключавую ролю ў падзенні рэжыму Лукашэнкі. Расея працягвае выкарыстоўваць гісторыю як інструмент улады. Падрабязнасці свежых матэрыялаў замежнай прэсы даведаемся ў аглядзе Кастуся Багушэвіча.
ПС: Штотыднёвік Newsweek піша пра Святлану Ціханоўскую і спадзевы беларускі на Джо Байдэна, на тое, што Злучаныя Штаты дапамогуць Беларусі прыбраць Лукашэнку. Чалавек, якога часта называюць „апошнім дыктатарам Еўропы”, застаецца ва ўладзе пасля жнівеньскіх выбараў, якія на міжнародным узроўні прызнаныя сфальсіфікаванымі. З тых часоў жорсткія рэпрэсіі і тысячы арыштаў не прыглушылі энтузіязм пратэстоўцаў, якія разглядаюць Ціханоўскую як свайго законна абранага прэзідэнта. У эміграцыі ў суседняй Літве яна заявіла, што з аптымізмам глядзіць на ролю абранага прэзідэнта Джо Байдэна ў звяржэнні Лукашэнкі, які разлічвае выключна на падтрымку прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна, каб захаваць уладу. „Я ўпэўненая, што Джо Байдэн выканае свае абяцанні адносна стаўлення да Беларусі і гэтага рэжыму”, — сказала яна ў каментары Newsweek. „Мы ведаем, што ён выступае за дэмакратыю і будзе падтрымліваць беларускі народ і беларускае грамадства”. У мінулым месяцы Байдэн заявіў, што ў выпадку абрання прэзідэнтам ён узмоцніць ціск на Лукашэнку, дадаўшы, што прэзідэнт Дональд Трамп „адмаўляецца выступаць ад імя ЗША”. Байдэн заклікаў да міжнароднага падыходу да санкцый супраць Лукашэнкі, кажучы: „Я працягваю падтрымліваць народ Беларусі і падтрымліваць іх дэмакратычныя памкненні”. Гэтыя настроі падбадзёрылі Ціханоўскую, якая сустракалася з еўрапейскімі лідарамі на працягу апошніх двух месяцаў і можа разлічваць на іх шырокую падтрымку. Аднак яна лічыць, што ціск з боку ЗША будзе мець вырашальнае значэнне для прымушэння Лукашэнкі да сыходу. „Мы разглядаем эканамічныя санкцыі як адзін з найважнейшых спосабаў ціску на рэжым, таму што, хаця Лукашэнка мае фінансавую падтрымку з-за мяжы, ён пускае гэтыя грошы на АМАП, на гвалт, забойствы і катаванні. Джо Байдэн мае цвёрдую пазіцыю па беларускім пытанні. Я спадзяюся, што ён выканае сказанае. Думаю, ён быў бы смелы ў сваіх рашэннях і дзеяннях у дачыненні да Беларусі”. Ціханоўская прыняла ўдзел у выбарах толькі пасля таго, як яе мужу Сяргею Ціханоўскаму, які зараз знаходзіцца ў СІЗА, было забаронена балатавацца.
„Еўропа мае цвёрдую пазіцыю па беларускім пытанні, але краін так шмат, што часам бывае занадта павольна і складана”, — сказала Ціханоўская Newsweek. „Калі ЗША будуць аказваць ціск на рэжым, я ўпэўненая, што Еўропа будзе больш актыўнай”, — дадала яна.
Польскае выданне Do Rzeczy апублікавала інтэрв’ю з Нікалаем Івановым. Савецкі дысідэнт, які пражывае ў Польшчы, абвінавачвае Расею ў развязванні прапагандысцкай вайны супраць Захаду і называе яе агрэсарам, нароўні з Трэцім Рэйхам адказнага за развязванне вайны і мільёны ахвяр. Застаецца ў сіле старая сталінская канцэпцыя. Крэмль шмат дзесяцігоддзяў запар прытрымліваецца адной лініі: Сталін хацеў пазбегнуць заўчаснага ўцягвання СССР у вайну, у яго нібыта не было іншага выйсця, паколькі заходнія дзяржавы не маглі наважыцца на тое, каб выступіць супраць Гітлера адзіным фронтам. Галоўнае не тое, што Савецкі Саюз заключыў пагадненне з Гітлерам, а тое, што Вялікабрытанія і Францыя адмовіліся супрацоўнічаць з савецкім бокам. Захоп паловы Польшчы падаецца як вымушаны крок Сталіна, які імкнуўся выратаваць украінцаў і беларусаў, напад, такім чынам, ператвараецца ў абарону. Менавіта такой рыторыкі прытрымліваецца Крэмль. З польскага пункту гледжання самым балючым можна назваць той факт, што ў гістарычнай палітыцы сучаснай Расеі працягвае функцыянаваць савецкі наратыў Варшаўскага паўстання. Гаворыцца, што ў Чырвонай арміі не было ніякіх рэальных магчымасцяў дапамагчы паўстанцам. У пуцінскай дзяржаве заява, што Чырвоная армія дазволіла немцам знішчыць 200 тысяч палякаў, прыраўноўваецца да спробы ачарніць Расею… Катынскае злачынства — пераканаўчае сведчанне злачыннай ролі СССР у сусветным канфлікце. Сталінскі Савецкі Саюз быў такім жа агрэсарам, як Трэці рэйх, на ім таксама ляжыць адказнасць за развязванне гэтай вайны і мільёны яе ахвяр. У Расеі да гэтага часу актыўна распаўсюджваюцца сталінскія фальсіфікацыі на тэму катынскага злачынства. У выхадаў са станцый метро ў Маскве прадаюць выдадзеныя вялікімі накладамі псеўдагістарычныя кнігі. У СССР была маса здольных прафесійных фальсіфікатараў гісторыі, і яны маглі разлічваць на падтрымку «карысных ідыётаў» за мяжой, якія дапамагалі распаўсюджванню прапаганды. Адным з такіх людзей быў Аляксандр Верт, аўтар кнігі «Расея ў вайне. 1941-1945». Тэксты, у якіх ён пісаў пра Катынь і Варшаўскае паўстанне, калі не паўтаралі даслоўна тэзісы савецкай прапаганды, то вельмі мала ад яе адрозніваліся. Верт выступаў вядучым «гістарычным ідыётам», але такіх людзей у Расеі на Захадзе было мноства.
Сталін прыйшоў да высновы, што расейцаў варта паставіць у прывілеяванае становішча. Калі пры Леніне ў кіруючых органах было шмат габрэяў і прадстаўнікоў іншых нацыянальных меншасцяў, у тым ліку палякаў, то пры Сталіне гэта стала немагчымым. Касцяк кіраўніцтва складалі расейцы. Калі Гарбачоў пачынаў перабудову, ён спадзяваўся, што сістэму атрымаецца ўратаваць, калі проста дапусціць галоснасць, бо тая дазволіць выпусціць пару. Мяркуючы па ўсім, ён хацеў укараніць кітайскую мадэль. Аказалася, аднак, што СССР зусім іншая дзяржава, яе ж засялялі прадстаўнікі 150 народаў. Такая разнастайнасць разбурыла яго знутры. Нягледзячы на вялікія надзеі, перыяд, калі можна было даволі свабодна пісаць праўду пра гісторыю, доўжыўся крыху больш за дзесяць гадоў, а потым усё вярнулася…
Якой бы ні была Расея, чырвонай або, як цяпер, праваслаўнай, яна лічыць гісторыю адным з інструментаў улады, — цытуе выданне DoRzeczy савецкага дысідэнта Нікалая Іванова.
Агляд сусветнай прэсы падрыхтаваў Кастусь Багушэвіч.
Беларускае Радыё Рацыя