Студэнта БДУІР Яна Салановіча агулам пакаралі на 71 суткі арышту



Менскага студэнта БДУІР Яна Салановіча агулам пакаралі на 71 суткі арышту за ўдзел у нядзельных маршах.

Затрымалі яго першага лістапада, а асудзілі другога лістапада на 12 сутак. Але пасля іх ён так і не выйшаў, а сёння, 27 лістапада, над ім правялі ўжо пятае судовае пасяджэнне. На чарзе магчыма і шостае.

„Гэта цяжка, не ведаць, калі выйдзе твой сын”, – каментуе яго маці Вольга Салановіч:

– Калі твой чалавек туды трапляе, калі атрымлівае 10 сутак, 12, 15. Ён выйдзе і ты ведаеш, што ён выйдзе. А тут атрымліваецца, што суд адбыўся, прыязджаю. Выходзіць? Так, выходзіць. Я шэсць гадзін сядзела ў машыне. Я шэсць гадзін яго чакала. А ён так і не выйшаў. А калі я падышла і спытала: дзе мой сын? Мне сказалі, дык у яго ж быў новы суд. У яго новы адміністратыўны тэрмін.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” звярнуўся да трох спецдакладчыкаў ААН наконт сітуацыі з Янам Салановічам. Гэта спецдакладчык па свабодзе мірных сходаў, па свабодзе меркаванняў, а таксама спецдакладчыку па сітуацыі ў Беларусі.

Каментуе юрыстка “Вясны” Вікторыя:

– Асаблівы акцэнт мы тут робім на тым, што чалавека судзяць незаконна. І нават незаконна ў рамках Кодэксу аб адміністацыйных правапарушэннях у Рэспубліцы Беларусь. Таму што ўсе гэтыя факты павінны разглядацца ў рамках аднаго судовага пасяджэння.

Студэнта ж судзяць за кожны факт удзелу ў нядзельных маршах асобным судовым пасяджэннем, што і дало магчымасць сабрацца 71 суткам арышту.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сайта mrk-bsuir.by