Павел Грэсь: Для фотаальбома адбіраў здымкі „з душой”
Беларускаму штотыднёвіку “Ніва” у сакавіку споўніцца 65 гадоў. Да юбілею рэдакцыя газеты падрыхтавала адмысловы падарунак чытачам, сімпатыкам, усім, хто цікавіцца гісторыяй Беласточчыны. Гэта фотаальбом, які складзены з фотаздымкаў, што цягам дзесяцігоддзяў друкаваліся на старонках “Нівы”.
Укладальнікам альбома выступіў Павел Грэсь. Пра гэтую працу з ім паразмаўляў Міхась Андрасюк.
РР: Пад вокладкай фотаальбома знойдзем бадай што дзве сотні фотаздымкаў. Якім чынам ты займаўся падборкай, бо іх было значна больш?
Павел Грэсь: Так, калі ідзе пра колькасць тых здымкаў, якіх спачатку нават не было вядома, колькі іх, я думаў, што іх будзе каля 20 тысяч, так і атрымалася. Спачатку была разгубленасць, невядома было як з гэтым разабрацца. Калі бываў у рэдакцыі “Нівы”, то размаўляў з Яўгенам Вапам пра тое, што ў гэтай шафе ёсць. Гэта такая драўляная шафа, старая, з 50-х, 60-х гадоў. І мне, як фатографу, было цікава, што ж там у той шафе. І прыйшоў такі час, акурат добра склалася, што рэдакцыі ўдалося знайсці грошы на выданне гэтага альбому. Прафінансаваў праект Нацыянальны інстытут свабоды з Варшавы. Таму з’явілася “зялёнае” святло на тое, каб адчыніць тую шафу. Скажу, калі ідзе пра мастацкую вартасць гэтага, то працэнт мастацка важных здымкаў для мяне быў 3-4%. Хаця большасць гэтых здымкаў былі важныя, бо яны друкаваліся ў “Ніве”. Гэтая праца заняла ў мне паўтара года, нават больш, падрыхтоўка гэтага матэрыялу, гэтых фотаздымкаў для альбому. Але сёння маю такое ўражанне, што гэта не ёсць 100% таго, чаго я б спадзяваўся пабачыць у архіве газеты, якая выходзіць ужо больш за паўстагоддзя. Маю ўражанне, што многіх асобаў у тым архіве няма. Бачу, што гэты архіў быў пераглянуты праз розных людзей, а магчыма праз нейкія службы. Я сабе магу дабудаваць гісторыю, але бачу, што многіх фактаў, пра многіх людзей – гэтых фотаздымкаў няма. А ведаю, што напэўна былі. Бо „Ніва” напэўна публікавала тэксты, калі былі важныя падзеі. А тым больш у нашым беларускім асяроддзі на Падляшшы.
РР: Невялікую частку гэтых фатаграфіяў я бачыў, можа пад 300, не больш. Заўважыў, што яны там падзеленыя тэматычна. Скажам, ёсць тэматыка дзяцей, спорту, вёскі, прамысловасці… А як гэта складзецца ўжо ў альбоме?
Павел Грэсь: Прынцыпам першай адборкі быў такі, што калі гляджу на здымак і бачу, што нешта звяртае ўвагу, то я яго адбіраў. І тады, з таго першага адбору, назбіралася больш за 800 здымкаў. І затым здымкі пачалі парадкавацца ў групы – і тэматычныя, і паводле тэмы, паводле эстэтыкі. Але на фінале аказалася толькі два каляровыя здымкі. Большасць – гэта здымкі чорна-белыя. І аказалася, што для мяне найбольш цікавымі, і паводле тэмы, і эстэтыкі, такія здымкі з “душой”, паходзяць з перыяду канца 50-х да 90-х гадоў. Менавіта гэтыя здымкі адабраныя для альбому.
Цалкам размова:
З Паўлам Грэсем размаўляў Міхась Андрасюк, Беларускае Радыё Рацыя