Затрыманых у Берасці журналістаў адпусцілі



Затрыманыя ў Берасці на Маршы суседзяў журналісты Станіслаў Коршунаў („Брестская газета”, tut.by) і Максім Хлябец („Брестская газета”) адпушчаныя на волю з Ленінскага РУУС, паведамляе гарадскі часопіс „Бинокль”. На іх складзеныя пратаколы пра адміністрацыйныя правапарушэнні.

23 кастрычніка Хлябец быў арыштаваны на 15 сутак за нібыта ўдзел у акцыі пратэсту 18 кастрычніка.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў на 21.20, у цэлым па краіне сёння было затрымана не менш за 330 чалавек. Паведамлялася аб затрыманні ў Мінску фотакарэспандэнта газеты „Новы Час” Яны Трусілы. Яна знаходзіцца ва УУС Ленінскага раёна. 1 лістапада Трусіла была затрыманая ў сталіцы на Маршы супраць тэрору і на наступны дзень атрымала 13 сутак адміністрацыйнага арышту на падставе пратаколаў па артыкулах 23.34 і 23.4 КоАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаванне міліцыі).

Беларуская асацыяцыя журналістаў паведаміла, што сёння на волю выйшла журналістка і праваабаронца Марына Кастылянчанка, якая адбыла два запар 15-сутачныя адміністрацыйныя арышты.

* * *

Максіма Хлябца – журналіста-фрылансера, які супрацуе і з нашым  радыё, і журналіста «Брестской газеты» і Tut.by Станіслава Коршунава затрымалі ў Берасці. Пратрымаўшы некалькі гадзін у пастарунку іх пакуль адпусцілі. Пратаколы пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне склалі, але копіі не далі. Калі адбудзецца суд – пакуль невядома.

Агулам праваабаронцам «Вясны» на стан часу 16.30 ужо вядомыя прозвішчы 108 затрыманых у Беларусі: большая частка — у Менску, таксама затрымлівалі ў Бараўлянах, Лясным, Віцебску, Гародні, Лідзе. Спіс дапаўняецца.

Беларускае Радыё Рацыя