Свабода перамяшчэнняў… Навошта?



Увесь бягучы год прайшоў (колькі ўжо таго года засталося – адзін месяц!) пад знакам барацьбы з каронавірусам… І тут у кожнай краіны, якая не сябруе са светам цывілізаваным і буржуйскіх “шаблонаў” не прытрымліваецца, маюцца свае фішачкі.

Зрэшты, пра свае, родненькія, мы ўжо начыталіся, наглядзеліся, наслухаліся… А што ж туркмены, да прыкладу? Не, не тыя студэнты-платнікі, якія без асаблівага напружвання атрымліваюць беларускія дыпломы… Дарэчы, такія студэнты цяпер на вагу золата. Па-першае, добрыя грошы ў дзюравы бюджэт. Па-другое, ціхмяныя, мірныя (ніякай бузы!) Па-трэцяе, яны атрымаюць свае паперы і з’едуць праз пяць год далёка-далёка: не дарма ж іх дзяржава вучыла, няма ў іх выбару асаблівага, бедных. Мамы і таты засталіся дома. Паспрабуй не вярнуцца…

Тым болей, Туркменістан вырашыў дадаткова паклапаціца пра тых, каму за… За 45 год.  Улады Туркменістану забаранілі жыхарам краіны, старэйшым за 45 год, перамяшчацца паміж рэгіёнамі. Інфармацыя ад туркменскай службы “Радыё Свабода”. Паводле іншых крыніцаў, нельга ездзіць па краіне тым, каму 50 год і болей… Прычына? Каронавірус і слабы імунітэт старэйшых людзей. Маўляў, яны схільныя да інфекцыйных захворванняў. Уражвае клопат дзяржавы пра сваіх грамадзянаў, праўда? Тым часам па афіцыйнай версіі, у Туркменістане няма ніводнага хворага на каронавірус. Прыродная анамалія? Ды не, звычайны цынізм.

На пачатку лістапада там забаранілі перамяшчацца паміж рэгіёнамі без важнай прычыны, забарона дзейнічае да 2021 году. Яшчэ ў сакавіку быў спынены чыгуначны і аўтобусны транспарт, перакрылі шматлікія аўтадарогі паміж буйнымі гарадамі. У жніўні “дасьпелі” да масачнага рэжыму… Па прычыне “павышанай канцэнтрацыі пылу ў паветры…” Шыкоўная фармулёўка.

У Туркменістане няма сваёй Ніны Багінскай, якая б сказала: “Я гуляю!” Адчуй розніцу. І розніца перш за ўсё ў тым, што Беларусь – краіна еўрапейская. І тое, што тут адбываецца, – адбываецца. Дэ факта. І гэта толькі падкрэслівае анамальнасць многіх рэчаў і з’яваў. Для еўрапейскай краіны.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ