Андрэй Прыстаўка: Ганаруся быць датычным да таго, што адбываецца ў Беларусі



У лістападзе месяцы ў Беларусі працягваліся масавыя затрыманні ўдзельнікаў пратэстаў. Некаторыя з іх траплялі на «суткі» ўжо па некалькі разоў і ідуць на так званы «рэкорд».

„Госць Рацыі” – берасцейскі грамадскі актывіст, удзельнік пратэстаў супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў Андрэй Прыстаўка. Пагаворым з ім пра суды, адміністрацыйныя арышты і ягоныя перакананні.

Андрэй Прыстаўка: Шэсць затрыманняў было з ліпеня. Па рашэнні суда два разы мне далі па 15 сутак, два разы – па 30 базавых і два – незразумела. 72 гадзіны я проста адсядзеў і мяне адпусцілі без нейкіх тлумачэнняў. І адзін раз справу накіравалі на дапрацоўку.

РР: У суме выйшла колькі дзён арышту?

Андрэй Прыстаўка: 39 сутак.

РР: Які асабіста для сябе досвед за час знаходжання пад адміністрацыйным арыштам Вы атрымалі? Бо з аднаго боку – гэта згуба часу. З іншага боку – гэта, мажліва, кошты гэтых перакананняў за Ваш чын удзелу ў акцыях пратэсту.

Андрэй Прыстаўка: Суткі з многіх ракурсаў – гэта вельмі карысная рэч. Гэта ў нейкім сэнсе штучны адбор. Туды трапляюць людзі нашмат болей заточаныя на пратэст. І з імі вельмі цікава размаўляць. Там салідарнасць і гарэнне ідэі нашмат больш канцэнтраваная. І гэта таксама вельмі ўзбуджае. І гэта вельмі здорава. Акрамя таго, калі цябе не затрымлівалі, то страх гэтага няведання ён таксама скоўвае людзей і яны сябе вядуць менш смела, чым людзі, якія хаця б раз там пабывалі. Нармальна, можна перацярпець гэта. Людзі, якія пабывалі хаця б раз на сутках, нашмат смялейшыя на вуліцы падчас акцыі.

РР: Пра Вас можна сказаць, што Вы гэтае пачуццё страху перакрочылі, ці Вы і так не баяліся?

Андрэй Прыстаўка: Не, я баюся ўвесь час. Але я стараюся не дазволіць свайму страху перашкаджаць мне рабіць тое, што я лічу патрэбным. І ў гэтым мне дапамагае, магчыма гэта гучыць пафасна,  жаданне не пляваць сабе ў твар, калі бачыш сябе ў люстэрку. І магчымае пачуццё сораму, калі б я вёў сябе іначай, калі б сядзеў дома, то дакладна мне было б вельмі сорамна перад Ціханоўскім, перад Бабарыкам, перад вялізнай колькасцю людзей. А такім чынам я адчуваю, што я з імі ў адной лодцы. І ганаруся быць датычным да таго, што яны робяць.

РР: На вашай левай руцэ – гіпс. Што гэта за гісторыя?

Андрэй Прыстаўка: Калі мяне гэтым разам затрымалі ў Менску, то мяне ў бусе моцна збівалі дручком. Збіваў, верагодна, АМАП, але я не магу дакладна гэта сцвярджаць. Яны былі ў чорным камуфляжы. Думаю, што падчас збіцця ў мяне яшчэ і страсенне мазгоў было, таму я ўвогуле цмяна памятаю. Проста памятаю, што білі. І я тварам у падлогу ляжаў – мне не дазвалялі глядзець на супрацоўнікаў. І я “вырубаўся” кожную спакойную секунду, так мозг страхуецца, я чуў, што падчас страсення некаторыя моманты сціраюцца з памяці.

РР: Медычную дапамогу калі Вам аказалі і хто быў ініцыятарам?

Андрэй Прыстаўка: Ужо пасля выхаду.

РР: То бок, са зламанай рукой Вы знаходзіліся ў ізалятары?

Андрэй Прыстаўка: Так. Мяне адзін раз аглядаў фельчар у Жодзіне, які параіў зрабіць здымак. Але гэтую рэкамендацыю праігнаравалі. І ніхто на яе не адрэагаваў. І калі я выйшаў на волю, пайшоў у траўмапункт, і мне дыягнаставалі пералом і налажылі гіпс.

РР: Што б Вы параілі тым людзям, якія не засталіся ў баку, а выйшлі, зрабілі пэўныя чыны і сутыкнуліся з рэальнасцю?

Андрэй Прыстаўка: Я б пажадаў сваім аднадумцам здаровай смеласці, адкрытага твару, усмешкі і горда ўзнятай галавы. Я катэгарычна супраць гвалтоўнага пратэсту, але негвалтоўны пратэст – гэта не значыць уцякаць і хавацца.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце