У Еўрапарламенце зноў будуць абмяркоўваць сітуацыю ў Беларусі



1 і 2 снежня ў Еўрапарламенце зноў будуць абмяркоўваць сітуацыю ў Беларусі.

Як паведамляе прэс-служба Еўрапарламента, у першы дзень члены падкамітэта ЕП па правах чалавека разам з запрошанымі экспертамі абмяркуюць міжнародныя намаганні па расследаванні парушэнняў правоў чалавека ў краіне пасля прэзідэнцкіх выбараў. Перад еўрадэпутатамі выступяць спецдакладчык ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн, дакладчык па Беларусі ў межах Маскоўскага механізму АБСЕ Вольфганг Бенедэк і юрыст-праваабаронца, эксперт Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў Яўгенія Андраюк.

2 снежня члены камітэта ЕП па замежных справах і дэпутаты нацыянальных парламентаў краін ЕС правядуць пасяджэнне міжпарламенцкага камітэта. Адно з пытанняў парадку дня — „Адзіны адказ ЕС у падтрымку дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі”.

У дэбатах возьмуць удзел экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Святлана Ціханоўская, еўракамісар па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах аб пашырэнні Олівер Вархей, намеснік генеральнага сакратара па палітычных пытаннях Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Энрыке Мора.

На мінулым тыдні Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю „Працяг парушэння правоў чалавека ў Беларусі, у прыватнасці забойства Рамана Бандарэнкі”, у якой заклікаў кіраўнічыя органы ЕС „падтрымаць міжнароднае расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі супраць народа Беларусі”.

belapan.by