У Вялейцы пахавалі Аляксея Лужынскага



У Вялейцы сёння праходзіць пахаванне Аляксея Лужынскага, які ў 26 гадоў памёр пасля працяглай хваробы. Вядомы ў Вялейцы краязнаўца, выпускнік гістарычнага факультэта Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Летам правёў этнаграфічную экспедыцыю па Вілейшчыне і апошні час займаўся апрацоўкай сабраных матэрыялаў, кажа яго сябра, старшыня Рады беларускіх скаутау, Андрэй Аляхновіч:

 – На такіх людзях трымаюцца любыя творчыя, яркія ініцыятывы і праца. Гэта не проста “краснае слоўца”. Калі я даведаўся, яшчэ падчас навучання Аляксея ва ўніверсітэце, што ён глыбока пачаў цікавіцца і далей развіваць краязнаўства ў сваім рэгіёне, то душа ў мяне спявала, бо я адкрыў яшчэ аднаго краязнаўца для сябе ў ягонай асобе. І падтрымліваў, як мог.

Аляксей Лужынскі нарадзіўся ў 1988 годзе. Далучыўся да нефармальнага краязнаўчага руху, які гуртаваўся вакол выдання «Волат». З часам стаў сам выпускаць гэты гісторыка-краязнаўчы альманах.

У Вялейцы ён рэалізаваў дзясяткі ініцыятыў. Ад выданняў каляндарыкаў і паштовак з помнікамі архітэктуры, да сумесных вандровак па Беларусі. Разам з жонкай Элай ён арганізоўваў народныя святкаванні Масленіцы, Багача, Купалля.

Дзякуючы ў тым ліку і яго намаганням у Вялейцы адбываліся выступы вядомых музыкаў і пісьменнікаў. Апошнім праектам, у якім прыняў удзел Аляксей, стаў выпуск паштовак і календарыкаў, прысвечаных двухсот-пяцідзясяці-годдзю Міхала Клеафаса Агінскага. У Аляксея засталіся жонка Эла і сын Верас.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя