Практыкаваліся і чалавечыя ахвярапрынашэнні



Акцыя «Гарады за жыццё» адбываецца штогод з 2002 года 30 лістапада, бо ў гэты дзень ў 1786 годзе ў княсте Таскана ўпершыню ў гісторыі Еўропы было адмененае смяротнае пакаранне.

30 лістапада ў еўрапейскіх краінах адзначаюць гэтую дату – асвятляюць пражэктарамі славутыя помнікі архітэктуры, каб нагадаць пра неабходнасць і непазбежнасць адмены смяротнага пакарання.

Адмене смяротнага пакарання папярэднічаў трактат «Аб злачынствах і пакараннях» Чэзарэ Бекарыа (CesareBeccaria. Dei delitti e delle pene), першае выданне якога з’явілася ў 1764 годзе.

У гэтым трактаце ўпершыню былі сфармуляваныя асноўныя аргументы на карысць адмены смяротнага пакарання і катаванняў.

Гэтыя аргументы выкарыстоўваюцца і цяпер.

Чэзарэ Бекарыа адмаўляе дзяржаве ў праве выкарыстоўваць смяротнае пакаранне. Ён лічыць, што выкарыстанне смяротнага пакарання – гэта не права, а гэта вайна дзяржавы з грамадствам.

Калі адным з аргументаў, які звычайна прыводзіцца на карысць смяротнага пакарання, што смяротнае пакаранне – гэта пакаранне, якое выкарыстоўваецца на працягу тысячагоддзяў усімі народамі.

На гэта Бекарыа пярэчыць: практыкаваліся і чалавечыя ахвярапрынашэнні як «неабходнасць». І выкарыстанне смяротнага пакарання не з’яўляецца неабходнай мерай.

Бекарыа лічыць, што смяротная кара не толькі не правамерная, але і неэфектыўная, бо смяротнае пакаранне не спыняе злачынцаў.

На думку Бекарыа, больш эфектыўнай мерай пакарання з’яўляецца пажыццёвае зняволенне.

Неапраўданае смяротнае пакаранне яшчэ і таму, што мае незваротны характар, у выпадку смяротнага пакарання памылка суда непапраўная.

Чэзарэ Бекарыа паказвае, што смяротнае пакаранне не толькі неэфектыўнае, але і небяспечнае і шкоднае, бо спараджае ў людзей жорсткасць, амаральнасць, помслівасць.

Цяжка сфармуляваць больш важкія аргументы, чым сфармуляваў Бекарыа.

Чэзарэ Бекарыа піша: «Абсурдна, калі дзяржаўныя законы з аднаго боку ганяць і караюць за забойства, і ў той жа час дзяржава сама ажыццяўляе забойства».

Беларускае Радыё РАЦЫЯ