Фотакора «Новага Часу» Яну Трусіла асудзілі на 15 сутак



Яе затрымалі падчас учорашніх акцый у Менску.

Пазаштатнай фотакарэспандэнтцы НЧ 20-гадовай Яне Трусіла сёння прысудзілі 15 сутак адміністрацыйнага арышту паводле артыкула 23.34. Прысуд вынесла суддзя Ленінскага раёна. Ноч да суда фотакор правяла ў ЦІП на Акрэсціна.

Яну затрымалі ўчора каля 15:40 у дварах ля дома па вуліцы Прытыцкага, 72. Як паведамілі відавочцы, за ёй гналіся блізу чатырох чалавек у аліўкавай форме, бо журналістка, верагодна, здымала спецтэхніку. Дзяўчыну даставілі ў Ленінскае РУУС, адкуль ёй дазволілі патэлефанаваць маці.

Гэта ўжо другое затрыманне Яны Трусіла. Першы раз яе затрымалі падчас маршу ў Курапаты 1 лістапада і прысудзілі 13 сутак адміністрацыйнага арышту. Іх Яна адбывала спачатку на Акрэсціна, потым, у дзень перадач, яе разам з іншымі вязнямі вывезлі ў СІЗА ў Баранавічы.

Суддзя Юлія Шут вядомая тым, што адпраўляла на суткі журналістку «Зялёнага парталу Насту Захарэвіч. Раней яна судзіла грамадскую актывістку Ганну Шапуцьку. За гэты год асудзіла па «палітычных» артыкулах (23.34, 23.4) 106 чалавек, з іх 56 адправіла на суткі.

novychas.by