Уезд у Літву „з асаблівых гуманітарных прычын” дазволены 674 грамадзянам Беларусі



 На 30 лістапада ўезд у Літоўскую Рэспубліку з асаблівых гуманітарных прычын дазволены 674 грамадзянам Беларусі, паведамляе прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў Літвы.

Адзначаецца, што з тых беларусаў, хто атрымаў адпаведны дазвол, 268 ужо знаходзяцца ў Літве. 62 чалавекі звярнуліся па атрыманні прыстанку.

У МУС Літвы нагадалі, што дазвол выдаецца паводле хадайніцтва Міністэрства замежных спраў краіны, у якім павінны быць абгрунтаваныя асаблівыя прычыны для ўезду замежніка — напрыклад палітычныя абставіны або пагроза яго бяспецы. Дазволы таксама выдаюцца „грамадзянам Беларусі, якія пацярпелі ад рэжыму і рэпрэсій, або актыўным апазіцыянерам, што зведваюць пераслед”.

„Мы бачым, што і колькасць выдадзеных дазволаў, і колькасць прыбылых не растуць так хутка, як спачатку, — цытуе прэс-служба МУС кіраўніка міністэрства Рыту Тамашунене. — Людзі падаюць заяўкі і атрымліваюць дазволы хутка, але патокі ўжо не такія вялікія. Беларускія грамадзяне, якія прыбываюць, могуць знаходзіцца ў Літве, але яны таксама могуць вярнуцца ў сваю краіну, калі лічаць, што для іх гэта бяспечна”.

Літва пачала выдаваць грамадзянам Беларусі дазвол на ўезд з асаблівых гуманітарных прычын 11 жніўня.

30 лістапада партал навін Delfi паведаміў, што МЗС Літвы прапануе бясплатна выдаваць літоўскія нацыянальныя візы беларусам, якія пацярпелі ад парушэння правоў чалавека. Адпаведны праект пастановы павінен быць разгледжаны на гэтым тыдні на пасяджэнні літоўскага ўрада. Згодна з дакументам у выпадку падавання матываваных заяў аб нязбіранні консульскага збору нацыянальныя літоўскія візы будуць выдавацца бясплатна.

„З прычыны гвалту з боку ўладаў і ўчыненых парушэнняў правоў чалавека ў Літву прыбывае ўсё больш грамадзян Беларусі”, — гаворыцца ў звароце МЗС Літвы да ўрада. Многія з іх заязджаюць у Літву, атрымаўшы асаблівы дазвол кіраўніка МУС Літвы ў сувязі з гуманітарнымі падставамі і валодаючы шэнгенскай візай. Але ў выпадку, калі яны хочуць законна заставацца ў Літве на больш працяглы тэрмін, яны павінны атрымаць доўгатэрміновыя нацыянальныя візы.

Цяпер, адзначае літоўскае МЗС, рашэнне аб спагнанні консульскага збору пры звароце па нацыянальную літоўскую візу беларускіх грамадзян, якія пацярпелі ад рэпрэсій, у консульскія і дыпламатычныя прадстаўніцтвы Літвы прымае кіраўнік гэтага прадстаўніцтва.

belapan.by