Берасцейскія сацыял-дэмакраты патрабуюць спыніць ціск на недзяржаўныя СМІ



Берасцейская абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) лічыць палітычна матываванай адмову друкаваць „Брестскую газету” і патрабуе спыніць ціск на недзяржаўныя СМІ. Пра гэта гаворыцца ў заяве, з якой партыя выступіла 30 лістапада.

Як раней паведамляў рэдактар выдання Віктар Марчук, 30 лістапада рэдакцыя атрымала па факсе з ААТ „Брэсцкая друкарня” дакумент, у якім гаворыцца, што 31 снежня завяршаецца тэрмін дзеяння дамовы з „Брестская газета” і новая дамова на выпуск газеты ў 2021 годзе заключацца не будзе. Берасцейскія сацыял-дэмакраты лічаць  гэта  парушэннем канстытуцыйных правоў незалежных журналістаў, а таксама ўсіх жыхароў Берасцейскай вобласці на свабоду друку, на свабоду атрымання і распаўсюджвання поўнай, дакладнай і незалежнай інфармацыі. У прынятым дакуменце сацыял-дэмакраты адзначаюць, што эканамічных падстаў для адмовы ў друку газеты няма.

Штотыднёвая „Брестская газета” выходзіць з 2002 года, і ўвесь гэты час яе друкавалі ў Брэсцкай друкарні. Газета з’яўляецца недзяржаўным масава-палітычным перыядычным выданнем, заснавальнік і выдавец якога аднайменнае таварыства з абмежаванай адказнасцю.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: b-g.by