Хрысціянскія дэмакраты выступаюць супраць скарачэння колькасці ўніверсітэтаў



Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты выступілі з заявай у сувязі з прапановамі ўладаў скараціць колькасць беларускіх Вышэйшых навучальных установаў з 54 да 20-і. Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты лічаць, што змяншэнне колькасці ВНУ прывядзе да яшчэ большай карупцыі ў беларускай адукацыйнай сістэме, у той час калі беларускія студэнты фактычна пазбаўленыя бясплатнай адукацыі, – кажа старшыня МХД Марына Хоміч.

– Заява міністра адукацыі пра тое, што колькасць універсітэтаў будзе скарочаная, сведчыць як мінімум пра яго некампетэнтнасць, таму што скарачэнне колькасці ўніверсітэтаў прывядзе толькі да карупцыі. Са скарачэннем колькасці ўніверсітэтаў ахвотнікаў атрымаць вышэйшую адукацыю не паменшыцца. Пераканана, што за грошы людзі будуць старацца трапляць у гэтыя застаўшыеся ўніверсітэты. Нашая сістэта адукацыі і так абсалютна не празрыстая, абсалютна карумпаваная, і стане яшчэ горш.

Пры адсутнасці празрыстасці і свабоднай канкурэнцыі паміж беларускімі ВНУ на рынку міжнароднай сістэмы адукацыі беларуская сістэма стала неканкурэнтаздольнай. 3-4 сакавіка ў Менску з удзелам міжнародных экспертаў плануецца абмеркаваць магчымасць уваходжання Беларусі ў Балонскі працэс і выпрацаваць канчатковую пазіцыю Еўрапейскай Рады адносна ўдзелу беларускіх ВНУ ў працэсе. МХД лічаць, што менавіта зараз улады абавязаны правесці рэформы ў сістэме адукацыі і першачарговыя крокі, якія патрэбна зрабіць – увесці студэнцкае самакіраванне, выбарнасць рэктараў і акадэмічныя свабоды для выкладчыкаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя