Пра небяспечную каву
Любіце каву? На вуліцы? О, у Беларусі піць каву цяпер, аказваецца, забаронена. На гэта дазвол уладаў павінны быць. У Магілёве мужчына сядзеў у суботу ў парку на лаве, піў каву. Гэта выклікала вялікае падазрэнне. Мужчыну затрымалі. Сапраўды, сядзіць у суботу ў парку, каву п’е. Не, каб нейкае бырла. А тое каву. Перафразуючы гераіную адной савецкай кінастужкі, нармальныя людзі каву па суботах у парку не п’юць.
У Магілёве затрымалі Алега Цітова ў парку на бульвары Непакорных, калі той піў на лаве каву. Вунь улетку нейкія мужчыны ў адным з беларускіх санаторыяў таксама алкаголь не пілі – вагнераўцамі аказаліся па выніку. Зразумела, што мужчына з кавай выклікае падазрэнні ў беларускіх сілавікоў. Вось, калі б ён чакушку ў руках трымаў ці нейкую аптэчную настойку, тады б пытанняў не ўзнікла. А так: затрымалі Алега Цітова. І палічылі гэта адзіночным пікетам. На мужчыну склалі пратакол па артыкуле 23.34 “Парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў”. Але Алегу Цітову вынеслі толькі вуснае папярэджанне. Добра, што не пасадзілі. Цікава, папярэджанне гучала ў стылі: не піце болей кавы ў парку. Але тады паўстае мноства пытанняў. А калі піць каву нельга? У суботу? Ці ва ўсе дні? А чай можна піць? А мінералку? А калі кава з пірожнымі, то таксама нельга?