Сусветны дзень барацьбы са СНІДам адзначаецца 1 снежня
Сёння – Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Па ініцыятыве ААН, сёлетняя тэма Дня акрэслена, як “Міжнародная салідарнасць, агульная адказнасць!”. У Беларусі са станоўчым ВІЧ-статусам пражывае амаль 23 тысячы чалавек, сёлета выяўлена 1222 новых выпадкаў заражэння.
Па словах нарколага Аляксандра Павяльчука, за апошнія пяць гадоў у лячэнні ВІЧ адбыўся істотны прарыў:
– Калі раней пачыналі тэрапію з поўнай жменяй таблетак, то зараз ёсць тэрапія – 1 таблетка ў дзень. Медыцына і навука не стаяць на месцы, паляпшацца жыццё ВІЧ-інфікаваных будзе заўжды, хоць яно і зараз даволі высокае. Калі чалавек прымае тэрапію рэгулярна, вірусная нагрузка – нулявая. І яго ўмоўная патагенная заражанасць таксама практычна імкнецца да нуля. То бок чалавек жыве паўнакроўным жыццём і можа дажыць да 80 год і памерці ад інфаркту.
Суразмоўца дадае, што ў краіне 80% людзей з ВІЧ праходзяць адмысловую тэрапію. Міністэрства аховы здароўя імкнецца да таго, каб да канца 2021 года гэтая лічба дасягнула 90%.
Беларускае Радыё Рацыя