У Польшчы выяўлена менш за 10 тысяч новых выпадкаў каронавіруса
Міністэрства аховы здароўя Польшчы паведаміла пра 9 тысяч 105 новых выпадкаў заражэння каронавірусам Sars-Cov-2. За апошнія суткі ад гэтай хваробы памерлі 449 пацыентаў. Найбольшая колькасць новых заражэнняў – больш за 1200 – выяўлена на поўначы Польшчы, у Куяўска-Паморскім ваяводстве.
Намеснік міністра аховы здароўя Вальдэмар Краска падкрэсліў, што істотнае зніжэнне колькасці новых выпадкаў каронавіруса не павінна ўсыпляць эпідэмічнай пільнасці:
-Гэта добрая навіна, але гэта толькі пачатак тыдня. Спадзяюся трэнд утрымаецца. Перадусім зніжэнне колькасці новых выпадкаў – гэта вынік сацыяльных абмежаванняў.
Станам на 1 снежня ў Польшчы пацверджаны амаль 1 млн выпадкаў заражэння каранавірусам,Sars-Cov-2, больш за 17,5 тысяч жыхароў Польшчы памерлі ў выніку гэтай хваробы.