Ксяндза Вячаслава Барка судзяць за прапаганду нацысцкай сімволікі



У судзе Расонскага раёна пачаўся працэс паводле артыкула 17.10 КаАП – “Прапаганда або публічная дэманстрацыі, у тым ліку з выкарыстаннем сеткі Інтэрнэт або іншай інфармацыйнай сеткі, выраб або распаўсюд нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі”.

За гэта вінавацяць пробашча мясцовага касцёла Вячаслава Барка, які мае патрыятычную грамадзянскую пазіцыю і не хавае сваіх меркаванняў, выказваючы іх у сацыяльных сетках. Адміністрацыйную справу супраць ксяндза Вячаслава распачалі з ініцыятывы старшага оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку Гаўрылава, які заўважыў на асабістай старонцы Вячаслава Барка ў Instagram выяву плаката мастака Уладзіміра Цэслера і расцаніў гэта як прапагандаванне нацысцкай сімволікі. Ксёндз Вячаслаў катэгарычна не згодны з такой трактоўкай твора мастацтва:

-Я не размяшчаў нямецкай, фашыстоўскай свастыкі. Я размясціў плакат “Стоп лукашызм”, паказваючы свой пратэст супраць гвалту, які адбыўся ў нашай Беларусі ў жніўні месяцы. Тады былі дзясяткі збітых, скатаваных, а некаторых нават забілі.

1 снежня ксяндза Вячаслава Барка выклікалі ў РАУС Расонскага раёна, дзе пазнаёмілі з адміністрацыйнай справа. Па абедзе ў той самы дзень распачаўся суд. Ён яшчэ не скончаны: працяг мае адбыцца 3 снежня. Тры тыдні таму ксяндза Вячаслава выклікалі ў следчы камітэт, дзе распытвалі наконт ягоных выказванняў у відэаблогу і кантэнту, які ён размяшчае ў сацыяльных сетках. Ксёндз упэўнены, што нічога супрацьзаконнага ён не робіць, бо адстойвае ідэалы веры і справядлівасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск