У Пінску скаргі на міліцыянтаў засталіся без разгляду



У Пінску скаргі грамадзян на дзеянні міліцыянтаў у першыя паслявыбарчыя дні засталіся без разгляду. Звыш паўсотні пінчукоў пацярпелі ад гвалту сілавікоў з 9 па 12 жніўня.

“Напачатку следчыя органы зрабілі імітацыю разбіральніцтва”, – каментуе сітуацыю праваабаронца Вераніка Іванова:

– Заяваў было пададзена шмат. Першапачаткова яны былі прынятыя даволі адэкватна, скажам так, нават праводзіліся нейкія следчыя дзеянні. Але пасля, мабыць па ўказанні зверху, працэс замарозіўся. Па шэрагу заяваў прынятыя рашэнні аб спыненні правядзення праверкі, па шэрагу іншых заяваў паступілі адказы ў сувязі з немагчымасцю ўстанавіць асобу. Я лічу, што гэта выключна палітычныя матывы.

Па словах праваабаронцы, акрамя пінчукоў, якія сталі ахвярамі фізічнага гвалту з боку міліцыянтаў, звыш 250 пінчукоў за сваю грамадзянскую пазіцыю прайшлі праз пакаранне адміністрацыйнымі арыштамі і штрафамі.

Беларускае Радыё Рацыя