Паводле „10 дзён, якія скаланулі свет”
У CШ 26 г.Гомеля нам не задавалі сачыненні на „вольную тэму”, але ў 1983 годзе далі тэму па рускай літаратуры „А гражданином быть обязан”.
І я вырашыла, што тэма вольная.
У той час ў кінатэатрах паказвалі фільм «Красные колокола. Фильм 2. Я видел рождение нового мира» – пра Джона Рыда, ролю якого выконваў Франка Нэра з блакітнымі вачыма. Там быў яшчэ першы фільм „Мексіка ў агні” – пра рэвалюцыю ў Мексіцы.
А «Я видел рождение нового мира» – пра рэвалюцыю ў Расейскай імперыі на падставе кнігі „10 дзён, якія скаланулі свет”.
Рэвалюцыйныя падзеі і журналіст, які і ўдзельнічае і фіксуе для гісторыі і сучаснасці ўсё, што адбываецца, захапілі мае пачуцці.
І я напісала сачыненне пра Джона Рыда. Пачала з таго, што на экраны выйшаў фільм, пасля пра рэвалюцыю і скончыла тым, што Джон Рыд пахаваны пад Крамлёўскай сцяной.
Настаўніца пакінула мяне пасля ўрокаў, паказала тэкст без адзнакі і сказала перапісаць. Выглядала спакойнай.
Я падумала, што нешта не тое з кампазіцыяй. І перапісала – пачала з таго, што Джон Рыд пахаваны пад Крамлёўскай сцяной, пасля пра яго, пасля пра рэвалюцыю, а ў канцы пра тое, што ў кінатэатрах ідзе фільм «Красные колокола. Фильм 2. Я видел рождение нового мира». І здала сшытак.
Пасля гэтага была буча.
Настаўніца крычала „Арыгінальнічаеш!”, „Выпендрываешся!”, Ты нікогда не поступіш” і „Не будзь ведзьмай!”. Крычала, махала сшыткам, паставіла мне тры балы.
Да гэтага часу не разумею, што я не так зрабіла. Джон Рыд сапраўды пахаваны ля Крамлёўскай сцяны.