Бліжэйшыя пяць гадоў урад плануе стварыць новую эканоміку



Бліжэйшыя пяць гадоў урад плануе ствараць новую эканоміку і павялічваць экспарт тавараў і паслуг да 50 млрд даляраў, заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, прадстаўляючы 2 снежня ў Палаце прадстаўнікоў праграму дзейнасці ўрада да 2025 года.

Для павелічэння экспарту, сказаў ён, трэба вырашыць шэраг задач. „У эканоміцы захоўваецца праблема нізкай інавацыйнай актыўнасці. Таму акрамя захавання традыцыйнай эканомікі будзем настойліва фармаваць так званую новую эканоміку, дзе аснову будуць складаць інтэлектуальныя прадукты і паслугі”, — сказаў Галоўчанка, фрагмент выступлення якога размясціла прэс-служба ўрада.

Акрамя гэта, дадаў ён, плануецца перафарматаваць сістэму дзяржпадтрымкі навукова-інавацыйнай сферы. „Існуючы механізм падтрымкі будзе дапоўнены мэтавай падтрымкай па стварэнні новых прарыўных вытворчасцяў”, — анансаваў Галоўчанка.

У наступнай пяцігодцы, дадаў ён, „плануецца рэалізаваць шэраг маштабных праектаў будучага, якія прадугледжваюць фарміраванне вытворча-тэхналагічнай базы для новай эканомікі”.

„Гэта нацыянальны электратранспарт, інавацыйнае развіццё аховы здароўя, разумныя гарады і праекты з шырокім выкарыстаннем мясцовых сыравінных рэсурсаў (фармацэўтыка і біятэхналогіі, дакладнае земляробства). Прадугледжваецца паглыбленне перапрацоўкі драўніны, скураной сыравіны са стварэннем выгадных вытворчых перадзелаў і канчатковых прадуктаў”, — сказаў Галоўчанка.

Меры ў знешнеэканамічнай дзейнасці, дадаў ён, будуць сканцэнтраваныя па двух напрамках — „паляпшэнне якасці экспарту і міжнароднае супрацоўніцтва”. „Мэта — нарасціць экспарт тавараў і паслуг у 2025 годзе да 50 млрд даляраў. Задача — прадукцыю прадаваць, а не адгружаць”, — сказаў Галоўчанка.

Дзве траціны прыросту экспарту (каля 10 млрд долараў) трэба „забяспечыць за кошт экспарту тавараў, пры гэтым пастаўкі высокатэхналагічнай прадукцыі трэба павялічыць у два разы да 2 млрд долараў”. „Прырост экспарту паслуг складзе прыкладна 5 млрд даляраў. Доля паслуг у валавым экспарце павінна вырасці з бягучых 24% да 26%”, — заявіў кіраўнік урада.

Ён таксама паведаміў, што плануецца стварэнне нацыянальнага экспартнага цэнтра на базе структур Банка развіцця. „Гэта будзе новы інстытут падтрымкі, у яго аснове — прафесійны камерцыйны падыход па прасоўванні тавараў і паслуг на рынках, кіраванні імпартам і прыцягненні сродкаў для фінансавання экспартных праектаў”, — распавёў Галоўчанка.

БелаПАН