Пра імітацыю падтрымкі



Адным з найбольш балючых удараў па прапагандысцкай машыне пасля прэзідэнцкіх выбараў сталася рэакцыя спартовай супольнасці Беларусі на гвалт з боку сілавікоў у дачыненні да пратэстоўцаў. Многія з тытулаваных спартоўцаў пачалі рэзка выказвацца на сваіх старонках у сацыяльных сетках і ў шматлікіх інтэрв’ю незалежным выданням. Літаральна праз пару тыдняў пасля агучвання афіцыйных вынікаў выбараў, у якія мала хто ў Беларусі верыць, многія вядомыя спартоўцы, у тым ліку алімпійскія чэмпіёны, пачалі выступаць супраць улады. Многія са знакамітых беларускіх атлетаў выходзілі на акцыі пратэсту, у іх ліку Аляксандра Герасіменя, Алена Леўчанка, Іван Ганін, Сцяпан Папоў, Андрэй Краўчанка і многія іншыя. Дзяржава рэагавала на вольналюбівыя выступы лідараў спартовай супольнасці вельмі агрэсіўна. Спартоўцы, якія падтрымалі мірныя пратэсты, заявілі пра ціск з боку функцыянераў профільнага міністэрства, а таксама пра пагрозы ад кіраўнікоў федэрацый. У адказ абураныя спартоўцы стварылі “Фонд спартовай салідарнасці” і запусцілі петыцыю за парвядзенне новых выбараў. На дадзены момант падпісантаў – больш за 1200 чалавек. Многія з іх – гонар беларускага спорту, якія зрабілі бліскучую кар’еру ў Беларусі і дакладна не прападуць за мяжой.

Сам факт існавання петыцыі супраць улады, у якой падпісалася больш за тысячу спартоўцаў, якія не пабаяліся ні пагрозаў, ні дыскваліфікацыі з нацыянальных зборных, яўна, вывеў кіраўніцтва Міністэрства спорту са стану раўнавагі. І вось, са спазненнем у некалькі месяцаў бюракраты адрапартавалі, што ў падтрымку курса кіраўніка дзяржавы таксама створаны калектыўны зварот. Паводле законаў жанру, у гэтым звароце ніяк не магла быць меншая колькасць падпісантаў, чым у апанентаў. Таму і была паўсюль лічба ў 2500 падпісантаў, у якую, вядома, таксама мала хто паверыў, бо адкрытага спісу з пералікам прозвішчаў доўгі час ніхто на вочы не бачыў. І вось, рэагуючы на крытыку грамадства, ініцыятары праўладнай петыцыі выклалі свой зварот на адмысловай платформе. Што праўда, на сайце ўзнікла адразу блытаніна з колькасцю падпісантаў і іх прозвішчамі. Звесткі пра лаяльных спартоўцаў увесь час рэдагаваліся ў ручным рэжыме. Аднак яшчэ больш яўным доказам маніпуляцый з лічбай падпісантаў з’яўляецца сама кампанія па зборы подпісаў, арганізаваная паводле ўсіх правілаў бюракратычнай сістэмы. Збор подпісаў адбываецца пры аддзелах выканкамаў, адказных за спорт. Відавочна, і тут дзяржава спрабуе імітаваць грамадзянскую актыўнасць, каб можна было выкарыстаць гэта ў прапагандысцкіх мэтах.

Вымушанае рэагаванне ў адказ на дзеянні суперніка — яўная прыкмета блізкай паразы. Калі супраціўны бок не можа фармаваць парадак дня, яму толькі і застаецца паўтараць за апанентамі альбо імітаваць дзейнасць. Гэтым, уласна кажучы, і займаюцца прыхільнікі рэжыму ў апошнія месяцы, калі спрабуюць арганізаваць праўладныя мітынгі, агітацыйныя канцэрты альбо выступы вядомых асобаў у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Адметна, што сілавікі, якія з’яўляюцца асноўнай апорай кіраўніка дзяржавы пасля выбараў 2020 году, таксама заяўляюць пра сваю рашучасць толькі на ананімных умовах, выступаючы ў навінах дзяржаўных тэлеканалаў у балаклавах і без асабістых дадзеных. Усе гэтыя лініі паводзінаў характэрныя для ваяўнічай меншасці, якая, маючы ў руках рэпрэсіўны інструментар, трымае ў падпарадкаванні мірную большасць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ