„Маршы суседзяў” – больш бяспечная форма пратэсту
„Маршы суседзяў”, якія апошнія тыдні ладзяцца ў Менску не выклікаюць аптымізму, а сведчаць, хутчэй, пра пераход на больш бяспечную фазу для людзей, якія ўжо ня ў стане сабраць вялікую колькасць, якая б сягала 50 і больш тысячаў пратэстоўцаў на Менск.
Ацэньвае „маршы суседзяў” Алесь Стральцоў, антыкрызісны мэнэджар:
– З чым параўноўваць? Калі параўноўваць з адсутнасцю ўсялякіх акцый – гэта два плюсы. Гэта выбітна. Калі параўноўваць з шэсцем па праспекце ў цэнтры горада, то, канешне, гэта вельмі слабыя акцыі. Значна лепш было б збірацца, ісці шэсцем, чым хадзіць па раёнах групкамі. Бо разагнаць гэтыя групкі, падагнаць тэхніку не складае цяжкасці. Бяспека ствараецца, калі больш за 50 тысячаў чалавек. 50 – 150 тысяч чалавек ніхто нават не спрабаваў разганяць.
Паводле меркавання Алеся Стральцова, цяпер, пры адсутнасці каардынацыі і адказнага за бяспеку людзей кіраўніка, якому б давяралі пратэстоўцы, вялікія акцыі, якія мелі б вынік – правесці ў Менску немагчыма.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя