Латушка прапанаваў ЕЗ пачаць перамовы з Расеяй па прымусу ўлад Беларусі да дыялогу



Член прэзідыума Каардынацыйнай рады (КР) па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне, былы чыноўнік і дыпламат Павел Латушка, выступаючы 2 снежня на Менскім форуме, прапанаваў ЕЗ пачаць перамовы з Расеяй па прымусу ўлад Беларусі да ўнутрыпалітычнага дыялогу.

„Я ўзначальваю Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, з’яўляюся таксама членам прэзідыума КР, якая легітымізавана рашэннем Еўрапарламента, — заявіў Латушка. — У наш склад (НАУ. — БелаПАН.) уваходзяць як члены КР, так і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, былыя чыноўнікі. Мы прапануем інструментарый па вырашэнні галоўнай задачы — ажыццяўленню дыялогу ў краіне. Мы кажам пра важнасць прымусу да дыялогу”.

„Мы зноў прапаноўваем Еўрапейскаму саюзу сфарміраваць місію высокага ўзроўню для пачатку дыялогу з Расійскай Федэрацыяй і ў наступным прымусу ўлад Беларусі да рэальнага ўнутрыпалітычнага дыялогу. Калі высокая місія не можа быць сфарміравана па некаторых меркаваннях Еўрапейскага саюза, мы прапаноўваем кіраўніку Еўракамісіі прызначыць спецпрадстаўніка ЕС па пытаннях Беларусі”, — сказаў Латушка.

Паводле яго слоў, выгады ЕЗ ад пачатку ўнутрыпалітычнага дыялогу ў Беларусі заключаюцца ў тым, што ў краіне будзе спынена парушэнне правоў чалавека і ліквідаваны рэгіянальны крызіс. Расія, лічыць палітык, выйграе рэпутацыйна, бо цяпер яна „церпіць велізарныя іміджавыя страты ўнутры Беларусі, падтрымліваючы нелегітымнага Лукашэнку”, а таксама „мінімізуе эканамічныя наступствы для сваёй эканомікі і неабходнасць уліванні велізарных сродкаў для стабілізацыі эканомікі” Беларусі.

Для самой краіны гэты дыялог важны ў плане таго, каб „беларусы маглі рэалізаваць права на сумленныя выбары, спыніць прававы дэфолт, спыніць працэс міграцыі і мінімізаваць эканамічныя страты”. „Але для гэтага патрэбна воля Еўрапейскага саюза і Расейскай Федэрацыі. Воля ў беларускага народа ёсць”, — падкрэсліў член прэзідыума КР.

Цяперашні падыход РФ, якая выступае за канстытуцыйную рэформу ў Беларусі і правядзенне датэрміновых прэзідэнцкіх выбараў, Латушка лічыць нежыццяздольным, бо „гэта не рашэнне беларускага народа, а навязванне рашэння звонку”. „Гвалт не спынены, не пачаты расследаванні, палітычныя зняволеныя ў турмах, Канстытуцыя не працуе. У гэтай атмасферы ў перыяд поўнага прававога дэфолту мяняць Канстытуцыю немагчыма. Яна не будзе прызнаная беларускім народам”, — перакананы ён.

Латушка заявіў аб наяўнасці „глыбокага ўнутрыпалітычнага крызісу, які ўжо стаў праблемай рэгіянальнай бяспекі ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе”.

„Мы канстатуем нелегітымнасць кіраўніка дзяржавы, якая пацверджана большасцю нашых грамадзян, — сказаў ён. — Мы фактычна і юрыдычна маем прававы дэфолт: Канстытуцыя краіны не працуе, выканаўчая ўлада кіруе судовай сістэмай і заканадаўчай уладай. Тры галіны ўлады перасталі існаваць у нашай краіне і зліліся ў адзінае цэлае ў моцных абдымках нелегітымнага кіраўніка дзяржавы”.

У краіне, падкрэсліў член прэзідыума КР, адбываюцца масавыя рэпрэсіі, праваахоўныя органы не заводзяць крымінальныя справы па фактах парушэння правоў грамадзян.

Паводле слоў Латушкі, краіна знаходзіцца ў глыбокім эканамічным крызісе, які „можа ў перспектыве перарасці ў эканамічны дэфолт” з прычыны падзення ВУП, золатавалютных рэзерваў, нацыянальнай валюты, экспарту і інвестыцый.

Акрамя таго, адбыўся „знешнепалітычны дэфолт”, бо „нелегітымнасць Лукашэнкі пацверджана рашэннямі многіх парламентаў розных дзяржаў”. На думку Латушкі, стаіць пытанне пагрозы незалежнасці і эканамічнага суверэнітэту краіны, значна расце міграцыя, бежанства, якія стрымліваюцца толькі праблемамі, звязанымі з COVID-19.

Ён канстатаваў таксама наяўнасць дыпламатычнага крызісу, бо „практычна да нуля паніжаны ўзроўні знешнепалітычных кантактаў кіраўніцтва Беларусі ў адносінах з многімі дзяржавамі свету”.

„Усе спробы Еўрасаюза ажыццяўляць афіцыйныя кантакты з уладамі Беларусі не ўвянчаліся поспехам, у гэты час яны немагчымыя. Адначасова Еўрасаюз мае актыўныя кантакты з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, — падкрэсліў член прэзідыума КР. — Расія ў сваю чаргу ажыццяўляе афіцыйныя кантакты з нелегітымнай уладай Беларусі, але катэгарычна адмаўляецца мець зносіны з грамадствам. Такая сітуацыя была як у жніўні, так і ў снежні”.

Латушка лічыць, што сітуацыя ў краіне „з пункту гледжання падыходаў па выхаду з гэтага становішча” за мінулыя пасля прэзідэнцкіх выбараў чатыры месяцы не змянілася. „Гэта таксама трэба зразумець усім, хто ўдзельнічае ў пошуку выхаду з існуючага крызісу”, — падкрэсліў ён.

belapan.by