Ілью і Іну Дабратвор аштрафавалі на агульную суму 2,5 тысячы рублёў
Затрыманых журналістаў Ілью і Іну Дабратвор аштрафавалі ў цэлым на 95 базавых велічынь (2.565 рублёў), паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).
Увечары 1 снежня суд Заводскага раёна сталіцы вынес рашэнне пакараць штрафам у 45 базавых велічынь (1.215 рублёў) затрыманую 29 лістапада ў Менску пры асвятленні акцыі „Марш суседзяў” Іну Дабратвор за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве (арт. 23.34 КоАП). Увесь час да суда Іна, якая з’яўляецца шматдзетнай маці, правяла ў ізалятары на Акрэсціна.
Тым жа вечарам яе мужа Ілью Дабратвора, які быў затрыманы 30 лістапада пры асвятленні Маршу мудрасці ў Менску, суд Цэнтральнага раёна аштрафаваў на 50 базавых велічынь (1.350 рублёў) па арт. 23.34 КоАП. „На ўтрыманні ў журналіста знаходзіцца старэнькая бабуля, таму суд вымушаны быў абмежавацца штрафам”, — піша БАЖ.
Адзначаецца, што ў Іны і Ільі ў міліцыі забралі ўсе наяўныя грошы, мабільныя тэлефоны, флэш-карты. Яны пакінутыя пад арыштам „для забеспячэння аплаты штрафу”. Самі журналісты цяпер на волі.
Такім чынам, пад арыштам застаюцца шэсць журналістаў: Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова (абедзве — тэлеканал „Белсат”, абвінавачваюцца паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак); Кацярына Барысевіч (tut.by, абвінавачваецца паводле арт. 178 КК — выдаванне медыцынскай тайны, якое мела вынікам цяжкія наступствы); Ігар Ільяш („Белсат”, 15-сутачны арышт); Яўген Мікалаевіч (Media-Polesye, Пінск, 10-сутачны арышт); Яна Трусіла („Новы Час”, 15-сутачны арышт).