Жыхарку Гомеля міліцыя пераследуе за сінюю куртку



У кастрычніку ў тэлеграм-чатах з’явіўся здымак, на якім невядомыя стаялі з бел-чырвона-белым сцягам каля адміністрацыі Савецкага раёну Гомеля. Пасля міліцыя затрымала за гэты здымак некалькіх «падазроных», яны атрымалі «суткі», піша Гомельская вясна.

Заўважылі, што куртка сіняга колеру — цягаюць у міліцыю

Для Святланы, жыхаркі мікрараёну Фестывальны, міліцыя стварыла мноства праблем. На «тым самым» здымку супрацоўнікі Савецкага РАУС заўважылі рукаво сіняй курткі. Рука паказвала знак «V». «Міліцыянты дадумаліся: калі я хаджу ў сіняй куртцы, значыць — я была на тым здымку! І толькі на гэтай падставе мяне некалькі разоў цягалі на апытанні, гутаркі, правялі ператрус і забралі ўсю тэхніку!», — абураецца Святлана.

Першы раз яе «апытвалі» ў Савецкім РАУС яшчэ ў кастрычніку. «Трымалі тры гадзіны. Казалі, што мой тэлефон „засвяціўся“ ў той вечар, калі нехта рабіў здымкі са сцягам, у тым раёне. Я была непадалёк — у гандлёвым цэнтры „Мандарын“, і што з таго? Далі падпісаць паперку, што я абяцаю ня ўдзельнічаць у мітынгах, і адпусцілі», — кажа жыхарка Гомеля.

«Будзеш адказваць за ўсе акцыі на раёне!»

На «апытанні» яе забіралі яшчэ двойчы — ужо ў лістападзе. Першы раз апытвалі пяць гадзін, другі — сем гадзін.

«Спачатку сказалі, што на мяне паступіла скарга, што я хаджу са сцягам на мітынгі. Потым усё выпытвалі — як я стаўлюся да ўлады, да міліцыі, да сцягоў. Потым пачалі казаць, што я ўдзельнічаю ў закрытых чатах і мяне могуць за гэта пакараць! Ніхто з міліцыянтаў не прадстаўляўся. Потым, пакуль я сядзела ў міліцыі, у мяне дома прайшоў ператрус. Мая маці — пенсіянерка, даверлівая, запусціла іх у хату. Яны забралі ноўтбук, планшэт і мабільныя тэлефоны. Па выніку ўсё ж ноўтбук праверылі і аддалі ў міліцыі, а тэлефон пакінулі на „экспертызу“. Прычым ніякіх дакументаў не далі!» — кажа Святлана.

Паводле яе, міліцыянты пагражалі, што калі яшчэ нехта будзе здымацца са сцягамі ў раёне ці праводзіць іншыя акцыі — адказваць будзе за гэта Святлана.

«Я магу адказваць толькі за сябе і свае дзеянні, а на дзеянні міліцыянтаў я падала скаргу начальніку РАУС», — зазначыла жыхарка Гомля.

«Сітуацыя вакол правоў чалавека жахлівая»

«Тры гадзіны могуць трымаць любога. Звыш трох і да 72 гадзін — калі пачалі адміністрацыйны працэс. Калі адміністрацыйны працэс не пачалі і трымалі сем гадзін — гэта незаконна. Што тычыцца ператрусу — то без складання акту не павінны забіраць нават туалетную паперу. Хоць сёння сітуацыя вакол правоў чалавека жахлівая, але ж не трэба здавацца! Трэба патрабаваць законнасці, пісаць скаргі», — пракаментаваў сітуацыю праваабаронца Леанід Судаленка.

Шукалі арматуру і каменне — забралі кампутар

Некаторыя жыхары Гомеля сутыкнуліся з ператрусамі па крымінальнай справе за «масавыя беспарадкі». На іх справу не заводзілі, сказалі, што яны нібыта сведкі. І на гэтай падставе забралі тэхніку і мабільныя тэлефоны. З такой сітуацыяй сутыкнуўся Аляксандар Гехт.

«Ператрусы былі ў мяне і ў маці маёй. Я пытаўся — што вы шукаеце? Сказалі — каменне, арматуру, бутэлькі з гаручай вадкасцю, зброю… Я кажу, што няма ў мяне нічога такога. Яны ўбачылі кампутар, пачалі ўсміхацца і забралі яго», — кажа Аляксандар Гехт.

Прайшоў ператрус «па крымінальнай справе за масавыя беспарадкі» і ў Святланы Нарскінай. У яе таксама забралі тэхніку. Прычым не патлумачылі — з якой нагоды, у якім статусе знаходзіцца Святлана.