Пра забароненыя колеры



Улады збіраюцца змагацца з уцечкай мазгоў. Гэта, канешне, правільна. Калі паглядзець на паводзіны некаторых чыноўнікаў, то складваецца ўражанне, што з некаторых устаноў мазгі ўсе ўцяклі. Вось, напрыклад, на вуліцах Мінска, паведамляюць грамадзяне, дарожнікі прыбіраюць бела-чырвоныя ўказальнікі. А на іх месца ўсталёўваюць бела-зялёныя. Вось нехта ж з чыноўнікаў даў такое ўказанне. Не самі ж дарожныя рабочыя вырашылі выявіць такую самастойнасць. То бок зрабіць новыя знакі, аплаціць бензін для машыны, памяняць знакі. І ўсё дзеля чаго? Дзеля таго, што хтосьці баіцца белага і чырвонага колераў. Проста нейкая Аліса ў краіне цудаў, калі картачныя вартаўнікі замест чырвоных руж пасадзілі белыя, якія потым паспрабавалі перафарбаваць у чырвоны колер.

Цікава, як далёка зайдуць улады Беларусі ў забароне на бел-чырвона-белую сімволіку? Могуць на трубах дамаляваць зялёную рыску. Наўрад ці іх звалююць правілы бяспекі, паводле якіх высокія трубы мусяць быць бел-чырвонага колеру. Можна дарожныя знакі замяніць. Напрыклад, знакі “рух без спынення забаронены” і “саступіць дарогу” зрабіць зялёнымы. Ну, а тое ж яны ў бел-чырвоных колерах зробленыя. А можна ўвогуле ўзяць і забараніць чырвоны і белы колеры.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ