„Краснадар” Мартыновіча выйграў першы матч у Лізе чэмпіёнаў
Футбалісты „Краснадара” святкавалі першую перамогу ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў, адолеўшы ў пятым туры на сваёй арэне французскі „Рэн” — 1:0. На 71-й хвіліне Маркус Берг забіў адзіны гол у матчы. Капітан „Краснадара” беларускі абаронца Аляксандр Мартыновіч правёў усю гульню. Дзякуючы гэтай вікторыі краснадарская каманда набрала 4 ачкі і зарабіла пуцёўку ў плэй-оф Лігі Еўропы. Пазней сустракаліся два клубы, якія ўжо забяспечылі сабе выхад у 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў – іспанская „Севілья” была разгромлена лонданскім „Чэлсі” 0:4 – усе чатыры галы забіў французскі нападнік Аліўе Жыру.
У квартэце Н турэцкі „Істанбул” ва ўпартым паядынку саступіў на сваім полі нямецкаму „Лейпцыгу” з лікам 3:4. Англійскі „Манчэстар Юнайтэд” прайграў французскаму „Пары Сен-Жэрмен” 1:3. Дублем адзначыўся Неймар. У іх групе перад апошнім турам цікавая сітуацыя – адразу ў трох каманд па 9 ачкоў. Але на першым радку, хутчэй за ўсё, апынецца «ПСЖ» – у яго лепшая розніца мячоў з «МЮ» і адносна лёгкі хатні матч з аўтсайдарам у апошнім туры.
Кіеўскае «Дынама» ужо ў мінулым туры пазбавілася шанцаў на выхад у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў, але па-ранейшаму разлічвае на Лігу Еўропы. Аднак у перадапошнім туры ім гэтую задачу oскладніў «Ювентус», які намаганнямі К’езы, Раналду і Мараты разграміў гасцей 3:0. «Дынама» будзе вырашаць свой лёс у апошнім туры ў вочным хатнім супрацьстаянні з «Ферэнцварашам», які з такім жа лікам пацярпеў паразу ад «Барселоны».
А вось чэмпіён Расеі – піцерскі «Зеніт» пазбавіўся ўсіх шанцаў на працяг барацьбы ў еўракубках, разгромна прайграўшы ў гасцях «Бруге» з лікам 0:3. Пасля 5 матчаў у піцерцаў усяго 1 ачко, а бельгійцы маюць усе шанцы трапіць у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў. Дортмундская „Барусія” згуляла ўнічыю з „Лацыё” – 1:1. Нямецкай камандзе не мог дапамагчы лідар нападаў нарвежац Эрлінг Холанд, які атрымаў траўму незадоўга да пачатку сустрэчы.
Гандбалісты „Барселоны” абыгралі „Ольбарг” у Лізе чэмпіёнаў
Гандбалісты іспанскай „Барселоны” працягваюць перамагаць на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. Сваю восьмую вікторыю запар лідар папярэдняй групы В святкаваў у гасцях у дацкага „Ольбарга” – 35:32. У іншым матчы гандбалісты вугорскага „Веспрэма” ўпэўнена перайгралі на сваёй пляцоўцы нямецкі „Кіль” з лікам 41:33. У гэтай групе чэмпіён Украіны запарожскі „Матор”, за які выступаюць беларускія гандбалісты Іван Мароз, Барыс Пухоўскі і Максім Бабічаў, прыме ў сябе дома славенскі „Цэле”. У групе А чэмпіён Беларусі „Мяшкоў Брэст” сёння прыме на сваёй арэне нарвежскі „Эльверум” (пачатак у 20.45, прамая трансляцыя на тэлеканале „Беларусь 2”). Да гэтага берасцейскія гандбалісты перамаглі „Вардар”, французскі „Пары Сен-Жэрмэн” і „Пік”, разышліся мірам у гасцях з „Фленсбургам”, а таксама саступілі на выездзе „Порту” і польскаму „Кельцэ”.
У спісе падпісантаў праўладнага ліста спартоўцаў 13 юных баскетбалістак з Гародні
У спісе падпісантаў праўладнага ліста спартоўцаў найменш 13 непаўнагадовых дзяцей. Гэта баскетбалісткі з сістэмы гарадзенскага баскетбола, паведамляе Telegram-канал «Баскетбол бачыш?».
На сайце Athletes.by з’явіліся прозвішчы спартоўцаў, якія падпісалі праўладны ліст. Раней намеснік міністра спорту і турызму Аляксандр Бараўля заявіў, што праўладны ліст спартоўцаў падпісалі ўжо 2,5 тысячы чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя