КР і пляцоўка „Перамен” запусцілі анлайн-сэрвіс „Скарга”



Каардынацыйная рада (КР) па ўрэгуляванні палітычнай сітуацыі ў краіне і пляцоўка тэхналагічнага паскарэння ініцыятыў грамадзянскай супольнасці „Перамен” запусцілі анлайн-сэрвіс „Скарга”.

У суправаджальным відэа, размешчаным на youtube-канале КР, член прэзідыума рады Вольга Кавалькова паведаміла, што праект „Скарга” стаў адным з пераможцаў анлайн-хакатона, які праводзілі пашыраны склад КР і пляцоўка „Перамен”. „Гэта генератар скаргаў, з дапамогай якога вы можаце стварыць скаргу — на закрыццё станцый метро, адключэнне інтэрнэту альбо на ўмовы ўтрымання ў РУУС або ізалятары”, — патлумачыла яна.

Член КР Валерый Мацкевіч у відэароліку адзначае, што за апошнія месяцы „дзясяткі тысяч беларусаў сталі ахвярамі палітычных рэпрэсій”. „Большасць з іх — большасць з вас — знаходзіліся ва ўмовах, якія зневажаюць чалавечую годнасць, — падкрэсліў ён. — Наша грамадзянская адказнасць — зафіксаваць кожны такі выпадак. Калі ў вас няма магчымасці пракансультавацца з юрыстамі, праект Каардынацыйнай рады skarga.help дапаможа аформіць і падаць скаргу на ўмовы ўтрымання, у якіх вы апынуліся падчас адбыцця пакарання”.

Яшчэ адзін член Каардынацыйнай рады Канстанцін Цітоў заявіў, што цяпер „кожны беларус атрымае магчымасць самастойна абараніць свае правы”. „Усе шаблоны скаргаў ужо ўзгодненыя з юрыстам. На сайце skarga.help вы можаце выбраць правапарушэнне, спампаваць шаблон са спасылкамі на артыкулы законаў, запоўніць яго і адправіць скаргу электронным лістом або поштай”, — адзначыў Цітоў.

Зараз функцыянал сэрвісу дазваляе падаць скаргу на аддзел ці ўпраўленне міліцыі, ізалятар часовага ўтрымання — да або пасля суда, а таксама метрапалітэн. Пры падачы скаргі на міліцыю ці ізалятар сістэма прапаноўвае выбраць са спіса канкрэтнае РУУС або РАУС, ІЧУ, пазначыць тэрмін свайго знаходжання, а таксама адзначыць дапушчаныя там парушэнні сваіх правоў. Калі скарга падаецца на метрапалітэн, прапаноўваецца пазначыць дату, а таксама адзначыць станцыі, якія не працавалі.

Пасля гэтага сістэма просіць пазначыць сваё імя і адрас рэгістрацыі, папярэджваючы, што гэтыя дадзеныя неабходныя для падачы скаргі ў адпаведнасці з заканадаўствам і не захоўваюцца ў базе сэрвісу. Далей запоўненую скаргу можна спампаваць, каб пасля накіраваць адрасату.

belapan.by