Дзмітрый Герчыкаў пакінуў пост галоўнага рэдактара „Прессбола”



Дзмітрый Герчыкаў пакінуў пасаду галоўнага рэдактара „Прессбола”, якую займаў пяць месяцаў, паведамляе сайт спартыўнага выдання.

Нумар „Прессбола” ад 1 снежня стаў апошнім пад рэдакцыяй Герчыкава. Кантракт з ім скасаваны па пагадненні бакоў.

„1 ліпеня Герчыкаў змяніў Сяргея Кайко, стаўшы чацвёртым галоўным рэдактарам у амаль 30-гадовай гісторыі „Прессбола”. Такім чынам, пад кіраўніцтвам Герчыкава выйшлі 43 газетныя нумары”, — паведамляе pressball.by.

Новы галоўны рэдактар пакуль не вызначаны.

Сам Герчыкаў свой сыход з выдання каментаваць адмовіўся.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня на першай паласе газеты былі апублікаваныя матэрыялы з фотаздымкамі акцый пратэсту, а таксама з асуджэннем затрымання і арышту на 15 сутак баскетбалісткі Алены Леўчанкі. Газета таксама апублікавала адкрыты ліст уладам больш як 650 беларускіх спартсменаў і прадстаўнікоў спартыўнай галіны краіны, якія катэгарычна асудзілі „шматлікія факты фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта” і праявы гвалту з боку сілавікоў у дачыненні да ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту.

belapan.by