Валер Карбалевіч: Саміт АДКБ стаў прыніжальным для Лукашэнкі
Палітолаг Валерый Карбалевіч у сваім тэлеграм-канале адзначае, што апошні саміт АДКБ стаў прыніжэннем для Лукашэнкі.
„На ўсіх мінулых самітах АДКБ Лукашэнка пачуваў сябе ўпэўнена, выступаў з рознымі ініцыятывамі, паблажліва глядзеў на іншых чальцоў гэтай арганізацыі, час ад часу крытыкаваў іх.
Саміт АДКБ 2 снежня стаў даволі прыніжальным для Лукашэнкі. Іншыя лідары краін-чальцоў гэтага саюзу глядзелі на прадстаўніка Беларусі з спачуваньнем. Так паводзяць сябе цывілізаваныя людзі ў палаце цяжка хворага.
І гэтае негалоснае спачуваньне моцна раздражніла Лукашэнку. Яму б лепш памаўчаць. У такім разе не было б бачна, у якім узбуджаным стане ён знаходзіцца. Аднак тое не ў ягоным стылі. Ён пачаў апраўдвацца: «Гэта абсалютна дакладна стала нам вядома, справа ў стварэнні ваеннай групоўкі НАТА для захопу гэтых [заходніх беларускіх] зямель… Гэта ніякія не каляровыя рэвалюцыі, гэта звычайны мяцеж. Рэвалюцыі — гэта калі ёсць аснова для рэвалюцыі, калі нізы не хочуць і вярхі не могуць і гэтак далей і калі ёсць рэвалюцыянеры. Ніякіх рэвалюцыянераў ні ў нас, ні ў вас сёння няма».
Нічога новага Лукашэнка не сказаў. Тое, што ў Беларусі ня можа быць глебы для рэвалюцыі, што пратэсты арганізаваныя Захадам, што НАТА збіраецца захапіць Беларусь, ён казаў і раней. Але тое была прапаганда для ўнутранага карыстаньня і для ўздзейнічання на расейскую аўдыторыю.
Але прапаноўваць такую прымітыўную версію лідарам постсавецкіх дзяржаў наўрад ці варта было. Яны ж людзі дасьведчаныя. Ім трохі крыўдна, калі іх прымаюць за лахоў, якім можна вешаць локшыну на вушы. Гэта як раз той выпадак, калі маўчаньне – золата”, – адзначыў палітолаг.