Што ЕЗ зробіць для Беларусі



Учора Святлана Ціханоўская паўдзельнічала на пасяджэнні Камітэта па замежных справах Еўрапарламента, прысвечаным Беларусі. У тэлеграм-канале яна распавяла, якія рашэнні па нашай краіне прыняў Еўразвяз.

1. Еўразвяз прыняў санкцыі супраць 55 асоб, у тым ліку Лукашэнка, яго сям’і і атачэння. Санкцыі будуць пашырацца.

2. 3,7 млн еўра будзе выдзелена на падтрымку ахвяр рэпрэсій і СМІ.

3. 30 млн еўра будзе выдзелена на падтрымку грамадзянскай супольнасці, незалежных ініцыятыў, прафсаюзаў, малога і сярэдняга бізнесу і медыцынскіх устаноў.

4. Супрацоўніцтва з Лукашэнкам будзе зведзена да мінімуму (да зносін па справах ядзернай бяспекі).

5. Беларусі будзе прапанаваны сур’ёзны пакет эканамічнай дапамогі пасля сыходу Лукашэнкі (так званы План Маршала).

6. Беларускаму народу будзе аказана дапамога праз праграмы Усходняга партнёрства ў напрамках (паляпшэння эканомікі, інстытутаў, законнасці, лічбавай трансфармацыі, пабудовы інклюзіўнага грамадства).

7. Супрацоўніцтва з Беларуссю на афіцыйным узроўні будзе цалкам адноўлена, як толькі дзяржава падтрымае дэмакратыю і правы чалавека.

Святлана Ціханоўская падзякавала Еўразвяза за падтрымку і падкрэсліла: „Нельга забываць, што мірны пратэст беларусаў – гэта не толькі барацьба за свабоду ў Беларусі, але і важнае выпрабаванне прыхільнасці Еўрапейскага Звяза дэмакратычным каштоўнасцям. Гэта магчымасць вызначыць, што на самай справе азначае быць «еўрапейцам». Для мяне гэта азначае быць верным каштоўнасцям свабоды і чалавечай годнасці. Жыве Беларусь!”