У Паставах судзілі юнака за надпісы на прыпынку



У Паставах 3 снежня пачаўся суд над Аляксеем Казлоўскім па палітычна-матываванай крымінальнай справе. Працэс над ім вяла суддзя Наталля Жукава, дзяржаўным абвінаваўцам быў пракурор Пастаўскага раёна Ігар Валынец. Судзілі Аляксея па артыкуле 341 Крымінальнага кодэкса (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) за надпіс 3% і намаляваны бел-чырвона-белы сцяг на дарозе і грамадскім прыпынку.

Шкоду, якую нанёс Аляксей Казлоўскі дзяржаве, пастаўская жыллёва-камунальная гаспадарка ацаніла ў 25 рублей 52 капейкі. Абвінавачаны яе ўжо пагасіў. Але супраць хлопца ўсё адно завялі крымінальную справу.

Кажа пракурор Пастаўскага раёна Ігар Валынец:

– Дзеянні абвінавачанага прадыктаваная выключна, як сведчыць з яго паказанняў, палітычнымі матывамі. Сваім учынкам ён прадэманстраваў непавагу да закону, дзяржаўных сімвалаў і, па сутнасці, грамадзянаў.

Падтрымаць Аляксея Казлоўскага ў суд прыйшло больш за 20 чалавек, але ў залу суда ўпусцілі не ўсіх, у сувязі з пандэміяй каронавірусу.

Па словах аднаго з прысутных – Анатоля Лоўкіса, які прыехаў з Лынтупаў, яго здзівіла тое, што ўлады за такі ўчынак завялі крымінальную справу.

– Для такой, на мой погляд, нязначнай справы, як пару надпісаў, было задзейнічана столькі людзей і столькі пераведзена паперы, проста з-за таго, што гэты хлопец выказаў вельмі распаўсюджаную думку. Усё ж такі ўсе мы жывём у грамадстве. І міліцыянты таксама. І сілавыя структуры. Яны разумеюць, якія змены ў нас ідуць. І вось за такое “шыць белымі ніткамі” – гэта проста не адпавядае ніякаму здароваму сэнсу.

Суд над Аляксеем Казлоўскім 3 снежня доўжыўся каля трох гадзінаў з перапынкамі, але суддзя прысуд так і не агучыла. Вырак будзе аб’яўлены 7 снежня а 9.20 па беларускім часе. Пракурор прасіў пакараць падсуднага адным месяцам арышту і спыніць вытворчасць у сувязі з добраахвотным пакрыццём выдаткаў.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя