Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 15 чалавек



 Беларускія праваабарончыя арганізацыі 3 снежня выступілі з сумеснай заявай аб прызнанні палітычнымі зняволенымі яшчэ 15 чалавек, якіх у сувязі з акцыямі пратэсту абвінавацілі па арт. 293 (масавыя беспарадкі) або арт. 342 (групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса. Дакумент апублікаваны на праваабарончым сайце spring96.org.

Палітвязнямі прызнаныя Аляксандр Цярэшка, Ірына Шчасная, Руслан Парфёнаў, Дзяніс Жук (усе абвінавачаныя па арт. 293 КК), Сяргей Ярашэвіч, Алег Корбан, Дзмітрый Карабейнік, Рыгор Саладоўнікаў, Арцём Вінакураў, Аляксей Санчук, Ігар Повараў, Яўген Юшкевіч, Таццяна Якельчык, Уладзіслаў Марціновіч (па арт. 342 КК), а таксама Іван Андрушойць (арт. 342 і ч. 2 арт. 349 КК — несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі).

„Мы ацэньваем пераслед <…> як палітычна матываваны ў сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказвання свайго меркавання адносна абвешчаных вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы запатрабавалі ад уладаў неадкладна вызваліць і спыніць крымінальны пераслед названых грамадзян. Акрамя таго, яны запатрабавалі выпусціць усіх палітычных зняволеных, якіх цяпер налічваецца 160, і „грамадзян, затрыманых у сувязі з рэалізацыяй свабоды мірных сходаў у поствыбарчы перыяд”, а таксама спыніць палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян краіны.

Падпісаныя пад заявай арганізацыі чарговы раз адзначылі, што свабода мірных сходаў гарантаваная арт. 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Яны канстатавалі, што выступленні грамадзян насілі „стыхійны, самаарганізаваны характар і былі выкліканыя недаверам да вынікаў выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020 года, праходзілі са шматлікімі парушэннямі і фальсіфікацыямі, не былі прызнаныя міжнароднай супольнасцю як дэмакратычныя, справядлівыя і свабодныя”.

Сходы грамадзян, падкрэслілі праваабаронцы, насілі мірны характар і „не ўяўлялі пагрозы ні нацыянальнай, ні грамадскай бяспецы”, аднак дэманстранты „былі атакаваныя спецпадраздзяленнямі МУС з непрапарцыйным прымяненнем фізічнай сілы, спецсродкаў і зброі”.

Заяву падпісалі восем праваабарончых арганізацый — цэнтр „Вясна”, „Хьюман Канстанта”, Беларускі ПЭН-цэнтр, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, „Прававая ініцыятыва”, „Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава”, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт.

belapan.by