Нацыя паэтаў. Зіма



Агнеадпорная, падпальваю вуголле ночы,

перасаджваю словы на градкі – не спіцца ўсё роўна.

Гэта радкі з верша Дануты Бічэль, якая адзначае дзень народзінаў 3 снежня…

У Беларусі выпаў снег, і гэта дадае аптымізму нашым будням, дзе зашмат стрэсу і шэрасці апошнім часам… І час гэты цягнецца даволі доўга.

Няпроста быць паэтам і жыць балюча з аголенымі нервамі… Чаму ж беларусаў называюць нацыяй паэтаў? Пэўна, навучыліся пераплаўляць тугу ў вершы.

прачынайся, вандроўная, бачыш, дзе мы захраслі?!

тут сканалі ад роспачы кафка, оруэл, хакслі.

тут не ведаюць дна і ўсе разам лятуць у прадонне.

тут па міні-армагедоне ў кожным раёне.

прачынайся, псіхея, вандроўніца! пойдзем на шпацыр!

тут любілі маўчаць, таму зараз тут не дакрычацца.

так што пойдзем гуляць, загартуем на вуліцах голас!

хутка прыйдзе зіма, забінтуе ўсіх нас, загоіць…

хутка выпадзе снег – такі белы, такі харошы…

снег мацнейшы і большы за чорных акрэсцінскіх вошай.

снег пасцеле нам шлях, і жыццё распачнецца нанова,

і рассыплюцца турмы, і пасвятлеюць галовы…

 

Гэта ўжо Наста Кудасава. Няпроста быць жанчынай. Падчас немагчыма не быць паэтэсай.

Смерч наляцеў, але не спаліў наш дом.

Душы спаліліся — і кожны першы памёр.

Дзе тыя коні?

Дзе любы з мячом і шчытом?

Дзе наша доля?

Песню спявае віхор…

Данута Бічэль чакае дзесьці там, ля моста святога Францішка.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ