Святлана Алексіевіч: Дыялог патрэбны, але не кожнай цаной
Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлана Алексіевіч заклікала Савет ААН па правах чалавека выкарыстоўваць усе наяўныя ў яго сродкі для рэагавання на сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку разгледзець пытанне аб стварэнні спецыяльных механізмаў расследавання.
Алексіевіч уваходзіць у прэзідыум Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, яна вымушана пакінула краіну ў канцы верасня і знаходзіцца ў Германіі.
„Мая родная Беларусь перажывае адзін з драматычных момантаў у сваёй гісторыі”, — заявіла пісьменніца, выступаючы 4 снежня ад імя міжнароднага ПЭН-цэнтра ў ходзе інтэрактыўнага дыялогу Савета ААН па правах чалавека (СПЧ) па сітуацыі ў Беларусі.
„Тысячы беларусаў і беларусак выходзяць на мірныя акцыі пратэсту супраць гвалту, супраць несправядлівасці і фальсіфікацый. Але ўлады адказваюць новымі актамі запалохвання, арыштамі і катаваннямі”, — сказала Алексіевіч. Яна падкрэсліла, што сотням людзей у Беларусі пагражае крымінальны пераслед, многія былі вымушаныя пакінуць краіну.
„На жаль, як часта ўжо бывала ў беларускай гісторыі, моманты найвышэйшага духоўнага ўздыму неаддзельныя ад ахвяр, — адзначыла пісьменніца. — 11 лістапада малады мастак Раман Бандарэнка стаў ахвярай несправацыраванага гвалту з боку людзей з закрытымі тварамі, якія збілі яго. Ён быў дастаўлены ў міліцыю, а затым у бальніцу ў коме з цяжкімі траўмамі галавы. 12 лістапада Раман Бандарэнка памёр у рэанімацыі”.
Член прэзідыума Каардынацыйнай рады падкрэсліла, што беларускае грамадства і інтэлектуальная эліта краіны з’яўляюцца „прыхільнікамі мірнага вырашэння грамадска-палітычнага крызісу, дыялогу”.
„Аднак дыялог не можа рэалізавацца любой цаной, — сказала яна. — Ад імя грамадзянскай супольнасці я заклікаю Савет ААН па правах чалавека выкарыстоўваць усе наяўныя ў яго сродкі для рэагавання на сітуацыю ў Беларусі, у тым ліку разгледзець пытанне аб стварэнні спецыяльных механізмаў расследавання”.
У ходзе інтэрактыўнага дыялогу Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет прадставіла агляд сітуацыі ў Беларусі. Яна адзначыла, што сітуацыя ў Беларусі не толькі не палепшылася, але ў апошнія тыдні яшчэ больш пагоршылася.
„Я занепакоена прымяненнем сілы падчас мірных сходаў, — сказала Бачэлет. — Улады павінны садзейнічаць правядзенню мірных акцый пратэсту, прымяненне сілы павінна быць прапарцыйнай і выключнай мерай”.
Камісар заклікала беларускія ўлады спыніць парушэнні правоў чалавека ў краіне. „Заклікаю неадкладна вызваліць усіх, хто быў незаконна затрыманы за рэалізацыю свайго права на свабоду мірных сходаў, стварыць спрыяльнае асяроддзе для працы адвакатаў, праваабаронцаў, журналістаў, а таксама забяспечыць выкананне права грамадзян на свабоду слова і сходаў, забяспечыць незалежнае і адкрытае расследаванне ўсіх выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання”, — сказала Бачэлет.
Затым выказацца змаглі прадстаўнікі дэлегацый розных краін. Большасць з іх асудзілі прымяненне гвалту ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў, пераслед журналістаў, адвакатаў і праваабаронцаў, наяўнасць палітвязняў у краіне. Яны таксама заклікалі беларускія ўлады спыніць гвалт у дачыненні да мірных грамадзян і правесці незалежнае і адкрытае расследаванне ўсіх выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання з затрыманымі з боку супрацоўнікаў сілавых структур і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
У падтрымку афіцыйнага Мінска выказаліся дэлегацыі такіх краін, як Куба, Расія, КНДР, Сірыя.
Фота: AFP