У Беларусі абноўлены суткавы рэкорд выяўленых выпадкаў COVID-19



За апошнія суткі ў Беларусі зарэгістравана 1.896 новых выпадкаў COVID-19, што з’яўляецца рэкордным прыростам з пачатку эпідэміі каронавіруса ў Беларусі.

За мінулыя суткі таксама памерлі восем чалавек з каронавіруснай інфекцыяй, вынікае з дадзеных Міністэрства аховы здароўя.

Агульная колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у Беларусі дасягнула 145.279, памерла 1.198 пацыентаў з выяўленай каронавіруснай інфекцыяй.

Паправіліся 122 тыс. 339 пацыентаў, у тым ліку 10.884 — за апошнія суткі. Выпісаныя з устаноў аховы здароўя за суткі 1.768 пацыентаў з COVID-19.

За суткі таксама выканана 30.870 тэстаў. Усяго ў краіне праведзена 3.398.759 тэстаў.

4 снежня ў Віцебску на пасяджэнні абласнога штаба па пытаннях процідзеяння каронавіруснай інфекцыі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сітуацыя з каронавірусам у Беларусі няпростая, але яна пад кантролем, і акцэнтаваў увагу на тым, што „галоўнае — захаваць жыццё чалавеку”.

Ён таксама распавёў, што ў Беларусі на 4 снежня налічваецца 21,5 тысячы пацыентаў з каронавіруснымі пнеўманіямі, на апаратах ШВЛ знаходзяцца 519 хворых. Пры гэтым ён заявіў, што не варта ісці за асобнымі „прафесійнымі” супольнасцямі і акцэнтаваць увагу на лічбах. Бо некаторыя паказчыкі залежаць ад колькасці праведзеных тэстаў — чым іх больш, тым больш будзе выяўлена і заражаных. Значна больш важна, паводле слоў Лукашэнкі, што дапамога хворым з каронавіруснай інфекцыяй у Беларусі „аказваецца ў поўным аб’ёме і маюцца дастатковыя рэсурсы, каб працягваць лячэнне”.

belapan.by