На Берасцейшчыне стала менш затрыманняў і судовых працэсаў
На Берасцейшчыне цягам тыдня знізілася колькасць затрыманняў і судовых працэсаў. Але гэта найперш залежыць ад колькасці людзей, што ўдзельнічаюць у традыцыйных пратэставых акцыях.
Таксама адчуваецца стомленасць сілавікоў і жаданне папоўніць мясцовы бюджэт у выглядзе штрафаў, — распавяла валанцёрка берасцейскага аддзялення Вясны, спадарыня Ганна:
– Людзей у асноўным проста выпусцілі з ІЧУ, кагосьці з пратаколам, кагосьці – без. Судоў яшчэ не было. Праходзяць суды над тымі, хто стаяў у ланцугу каля аўтарынку ў Берасці. Былі дні, калі работнікі аўтарынку выходзілі ў ланцугу салідарнасці. І вось на гэтым тыдні дакладна ёсць дзве такія адміністрацыйныя справы.
Сёння, 6 снежня, у Берасці пакуль вядома толькі пра затрыманне грамадскага дзеяча Віталя Казака. Ён дастаўлены на размову ў Ленінскі РАУС пасля таго, як прыйшоў на пахаванне валанцёра Рамана Рашэцкага.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце