„Нёман” абыграў салігорскі „Шахцёр”
Хакеісты гарадзенскага „Нёмана” абыгралі салігорскі „Шахцёр” у хатнім матчы чэмпіянату Беларусі. Паядынак завяршыўся ў авертайме.
На шостай хвіліне сустрэчы экс-гулец «Нёмана» Раман Маліноўскі адкрыў лік, завяршыўшы камбінацыю, распачатую Іллём Казнадзеем і Андрэем Фякліставым. Прапусціўшы шайбу, гарадзенцы актывізаваліся, але да перапынку лік не змяніўся. У другой трэці паядынку каманды абмяняліся закінутымі шайбамі. На гол гарадзенца Максіма Сяргеева cалігорцы адказалі шайбай Аляксандра Жыдкіх. У далейшым абедзве каманды шмат атакавалі, але лік так і не змяніўся.
Перавага „Шахцёра” пратрымалася практычна да самага канца асноўнага часу матчу. Калі да фінальнай сірэны заставалася нядоўга, Андрэй Сідарэнка узяў тайм-аўт. Гэта прынесла свой плён. Дакладны кідок Арцёма Ляўшы перавёў паядынак ў дадатковы час. У авертайме польскі легіянер „Нёмана” Крысціян Дзюбіньскі дакладным кідком прымусіў капітуляваць брамніка гасцей, усталяваўшы канчатковы лік матча 3:2 на карысць «Нёмана».
Дынара Алімбекава заняла чацвёртае месца на этапе КС у Кантыялахці
Беларуская біятланістка Дынара Алімбекава заняла чацвёртае месца ў гонцы пераследу на этапе Кубка свету ў фінскім Кантыялахці. Дынара Алімбекава дапусціла два промахі, пераадолеўшы 10 км з чатырма агнявымі рубяжамі з адставаннем ад пераможцы на 55 секунд. Гэта лепшы вынік беларускі ў асабістых гонках за ўсю кар’еру.
Першынствавала ў заключнай гонцы другога этапу Кубка свету нарвежка Тырыль Экхаф. Зборная Нарвегіі выйграла мужчынскую эстафету. На другой пазіцыі завяршылі гонку спартоўцы з каманды Швецыі з адставаннем 39 секунд. Трэцяе месца ў страляючых лыжнікаў Нямеччыны. Беларуская каманда заняла 11-е месца ў эстафеце. Мікіта Лабастаў, Сяргей Бачарнікаў, Максім Верабей і Антон Смольскі саступілі пераможцам гонкі больш за 3 хвіліны.
Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” прайгралі ЦСКА
Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” пацярпелі чацвёртую паразу ў матчах новага сезону Адзінай лігі ВТБ. У хатнім паядынку з дзеючым пераможцам „банкаўскага” турніру маскоўскім ЦСКА падначаленыя Расціслава Вяргуна да сярэдзіны трэцяй чвэрці ні ў чым не саступалі супернікам. Аднак затым гульня ў менчукоў абсалютна разладзілася, і ў выніку яны прайгралі з розніцай 27 ачкоў – 60:87. Самым выніковым у складзе «цмокаў» стаў Максім Салаш, які набраў 22 ачкі.
Турнірную табліцу Адзінай лігі ВТБ ўзначальвае „Зеніт” з Санкт-Пецярбурга, які перамог ва ўсіх шасці праведзеных матчах.
Шкурын упершыню правёў поўны матч за ЦСКА і забіў гол
У гульні 17-га тура чэмпіянату Расеі па футболе ЦСКА на хатняй арэне згуляў унічыю з „Хімкі” 2:2. На 54-й хвіліне беларускі форвард гаспадароў Ілля Шкурын забіў гол і ўсталяваў канчатковы лік у матчы. Беларус правёў на полі ўвесь паядынак.”Тотэнхэм” абыграў „Арсенал” у матчы 11-га тура чэмпіянату Англіі – 2:0. Мячы забілі Сон Хын Мін і Хары Кейн.
Каманда Жазэ Мурынью лідыруе ў турнірнай табліцы з 24 ачкамі, у „Арсенала” 13 балаў і 15-я пазіцыя.
Кадзімянам цікавяцца клубы з Расеі, Украіны, Польшчы, Казахстана, Кіпра і Беларусі
Армянскі паўабаронца „Нёмана” Гегам Кадзімян пацвердзіў свой сыход з гарадзенскай каманды, заявіўшы што зараз разважае над іншымі прапановамі. „Так, сышоў з” Нёмана „, дзе правёў выдатны сезон. Пра будучыню пакуль не думаю, проста хачу адпачыць. Ёсць прапановы з розных краін. Клубы з Расеі, Украіны, Польшчы, Казахстана, Кіпра і Беларусі зацікаўленыя ў маіх паслугах”, – сказаў Кадзімян у інтэрв’ю „Corner Football Armenia”. Таксама не маюць намеру працягваць кантракты з клубам сербскія легіянеры Стойкавіч і Марушыч.
Серхіа Перэс стаў пераможцам „Гран-пры Сахіра”
Серхіа Перэс з каманды „Рэйсінг Пойнт” выйграў „Гран-пры Сахіра” Формулы 1. Другое месца заняў Эстэбан Акон з „Рэно”, трэцяе – партнёр Перэса па камандзе Лэнс Строл. Для Перэса і яго каманды перамога стала першай у гісторыі. Гонку прапусціў Льюіс Хэмілтан з „Мэрсэдэс”, які заразіўся каронавірусам, але раней забяспечыў сабе чэмпіёнства.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: pressball.by