Уладзімір Хільмановіч: У сведамасці нашага народу адбыліся тэктанічныя зрухі



Сённяшні “Госць Рацыі” наш калега, публіцыст і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч. З ім пагутарылі пра змены ў грамадстве і сітуацыю з абаронай правоў грамадзян.

Мы размаўляем ужо ў снежні, амаль канец 2020 года, пад якім знакам вы ацэніце гэты год як публіцыст і праваабаронца?

Мяркую, што бягучы год стаў, ужо можна рабіць выснову, беспрэцэдэнтным, што ён стаў унікальным, што ён стаў надзвычай выпрабавальным, як для ўсяго чалавецтва, так і для Беларусі, для кожнага грамадзяніна нашай краіны. Калі ўсё чалавецтва заклапочана і ўсхвалявана пандэміяй, то ў Беларусь прыйшлі адначасна дзве хвалі сапраўднага цунамі: гэта, па-першае, хваля эпідэміі, якая накрыла краіну, але таксама і цунамі гвалту, тэрору, якія абрынуліся на грамадзянскую супольнасць, на галовы звычайных грамадзян, на ўвесь беларускі народ. Пачынаючы са жніўня, гэты тэрор, жорсткі пераслед не спыняюцца. Год асаблівы і ацэньваць яго трэба асабліва.

Для вас, як праваабаронцы, у прынцыпе ўсё гэта не стала навіною, больш як 20 год Беларусь жыла пад знакам дыктатуры і вы, напэўна, адчувалі, што ёсць люфт у кірунку пагаршэння для грамадзянскай супольнасці.

Безумоўна, і я і многія мае калегі яшчэ гадоў 15 таму прагназавалі такі магчымы варыянт развіцця падзей, пісалі пра гэта, але гэтая дыктатура развівалася досыць паволі, спакваля, можна сказаць была паўзучай, і нашы змрочныя прагнозы, дзякуй Богу, доўга не спраўджваліся. Пагаршэнне адбылося пазней, чым мы прагназавалі. Але гэта пагаршэнне адбылося настолькі рэзка, што такой глыбіні гвалту, маштабу рэпрэсій ніхто не мог прадбачыць, што гэта будзе настолькі брутальна, бесчалавечна, як гэта пачалося ў жніўні бягучага году.

Многія кажуць, што гэты год даў беларусам нейкае прасвятленне, шмат насельнікаў Беларусі да гэтага году адчувала сябе даволі камфортна ў стане існага рэжыму, а таксама мела пэўнае бачанне перспектыў. Як бы вы ахарактарызавалі гэты зрух грамадства? Ці ён сапраўды надышоў, ці гэта толькі павярхоўна і эмацыйна ўсё?

Адбыліся сапраўды тэктанічныя зрухі ў сведамасці народу, што нацыя пачала выспяваць. Ну а фактараў тут шмат спрычынілася. Гэта і страшная эпідэмія ковіду, у выніку якой пачалі зачыняцца граніцы, межы і многія людзі вярнуліся ў Беларусь, не маючы магчымасці рэгулярна выязджаць, па розных ацэнах гэта не менш 500 тысяч людзей па ўсёй Беларусі, а можа і больш. І актыўнасць гэтых людзей таксама не магла не скіравацца ў іншае рэчышча – многія з іх упершыню заўважылі дзікую несправядлівасць у час выбарчай кампаніі, і гэта істотна адбілася на іх сведамасці. Працэс гэты працягваецца, а наколькі гэта глыбінна, мы яшчэ не можам ацаніць, напэўна гэта ацэняць гісторыкі праз дзесяцігоддзі нават. Але тое, што зрух масавай свадамасці адбыўся, гэта дакладна. Калі ўзяць тую ж нацыянальную сімволіку, то сёлета, за гэтыя месяцы адбыўся такі своеасаблівы народны рэферэндум. Не той фальшывы, інспіраваны ўладамі раней, для таго каб знішчыць нашу сімволіку, а сапраўды народны рэферэндум, які вярнуў яе ў жыццё. Нездарма зараз цёмныя сілы так караюць за гэтую сімволіку, ледзь не збіраюцца забараніць белыя і чырвоныя колеры. Мяркую, што адно цягне іншае і наступным крокам нацыянальнага Адраджэння стане адраджэнне беларускай мовы. Тая сітуацыя, куды завяла ўлада за гэтыя 25 гадоў – гэта татальная русіфікацыя, гэта татальнае знішчэнне нацыянальнай мовы, бо на мэце мелася знішчэнне нацыянальнай сведамасці. Але людзі ўсё больш усведамляюць нашу гісторыю, асэнсоўваюць яе, яны ўжо абсалютнай бальшынёй выбралі нацыянальную сімволіку і наступны лагічны крок – гэта адраджэнне мовы, вяртанне яе ў паўнавартасны ўжытак. Для гэтага, канешне, павінна змяніцца ўся сістэма ўлады, і Беларусь зараз застыла ў такім чаканні – не тое, што беларусы сядзяць і нічога не робяць, яны надалей выкарыстоўваюць розныя актыўныя дзеянні. Яны па-ранейшаму пратэстуюць супраць несправядлівасці і гвалту і разам з тым у калядны перыяд чакаюць Раства, чарговага нараджэння Хрыста. І гэта супадае з чаканнем грамадска-палітычных пераменаў, чаканнем новых выбараў, усталявання намнога больш дэмакратычнай і справядлівай сістэмы, дзе грамадзяне атрымаюць паўнавартасны шанец перамяніць парадкі ў нашай дзяржаве.

Ці плённая ў гэты перыяд ваша праца як праваабаронцы ? Бо ў святле татальнага ігнаравання закону, імітацыі судовай сістэмы ці бачыце вы перспектыву праваабарончай працы ў ранейшым фармаце, ці ёсць іншыя шляхі развязання праблем дапамогі людзям, якія трапілі ў бяду?

Гэтую сітуацыю можна расцэньваць па рознаму. Яна сапраўды беспрэцэдэнтная – ніколі яшчэ праваабаронцы не сутыкаліся з такімі выклікамі, з такім валам крымінальных і адміністрацыйных спраў. І па-сутнасці многія праваабаронцы ў жніўні і пазней працавалі не столькі можа як кансультанты па юрыдычных пытаннях, колькі гэткімі псіхатэрапеўтамі. Таму што былі соткі тэлефонных званкоў і мы не толькі давалі юрыдычныя парады, але здзяйснялі як маглі псіхалагічную дапамогу. Вельмі цяжка дамагацца справядлівасці, калі прававое поле фактычна разбурана. Таму дапамога і праваабаронцаў і адвакатаў у такой сітуацыі значна дэвальваваная. Адных крымінальных спраў па Гарадзеншчыне ўжо каля 100, і кожны дзень “выплываюць” новыя. Мы робім усё магчымае. А з іншага боку цешыць тое, што людзі самы становяцца салідарнымі, арганізоўваюцца ў розныя структуры ўзаемадапамогі, збіраюць сродкі на штрафы, на падтрымку сем’яў пацярпелых. І гэта канешне абнадзейвае. Праца праваабаронцаў з аднаго боку канешне прыносіць плён, з іншага, яна няўдзячная. Некаторыя застаюцца незадаволенымі, але гэта значная меншасць. Бальшыня людзей разумее, што праца праваабаронцаў прыносіць свой плён і патрэбная. Але дзеіць у прававым полі і дамагацца юрыдычных поспехаў становіцца ўсё цяжэй. І ўсё ж мы стараемся мінімізаваць страты ў розны спосаб.

Гутарыў Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя