Ці хутка нам прапануюць „зацягнуць паясы”?



Як і варта было чакаць, эканоміка Беларусі істотна прасядае. Яе падзенне прагназавалася яшчэ да абвяшчэння прэзідэнцкіх выбараў: сусветныя эканамісты прадракалі ў 2020 годзе крызіс, які наклаўся на эпідэмію COVID-19. У выніку ўсе негатыўныя працэсы ў сусветнай эканоміцы спісалі на вірус, а ў Беларусі — яшчэ і на палітычную нестабільнасць, выкліканую жорсткім супрацьстаяннем улады народу.

Грошай няма, але вы трымайцеся

Заканчвае 2020 год Беларусь з досыць цікавымі лічбамі. Па даных Мінфіна, знешні дзяржаўны доўг па стане на 1 лістапада 2020 года склаў 18,1 млрд долараў ЗША, павялічыўшыся з пачатку года на 1 млрд долараў. Вядома, палову гэтай сумы склаў крэдыт Еўразійскага банка рэканструкцыі і развіцця, выдаткаваны нам у кастрычніку і амаль цалкам пакінуты ў Расеі як доўг за газ. Яшчэ мільярд міжбанкаўскага крэдыту Расеі нам маюць намер вылучыць толькі ў канцы гэтага — пачатку будучага года. У суме гэта тыя самыя 1,5 млрд, пра якія дамовіліся Лукашэнка і Пуцін.

Такім чынам, беларуская эканоміка зноў залазіць у даўгі. А доўг прыйдзецца аддаваць. Чым урад будзе яго аддаваць — незразумела. Улада пакуль можа залезці ў міжнародныя рэзервовыя актывы Рэспублікі Беларусь (гэта значыць, у золатавалютныя рэзервы), але яна і так гэта паспяхова робіць. На 1 кастрычніка 2020 года ЗВР склалі 7321,4 млн долараў ЗША (у эквіваленце), гаворыцца ў паведамленні Нацбанка. За верасень 2020 года рэзервы зменшыліся на 136,4 млн долараў (на 1,8 %) пасля зніжэння ў жніўні на 1399,6 млн долараў (на 15,8 %).

Варта адзначыць, што згодна з асноўнымі кірункамі крэдытна-грашовай палітыкі на 2020 год, аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2021 года павінен скласці не менш за 7,3 млрд долараў ЗША. Гэта значыць, ужо па выніках верасня ЗВР апусціліся практычна да ўзроўню, запланаванага на канец года. Пры гэтым на пачатак года рэзервы складалі амаль 9,4 млрд долараў — гістарычны максімум для Беларусі.

То-бок, за мінулыя месяцы краіна прымудрылася кудысьці страціць больш за 3 млрд долараў: два ў выглядзе скарачэння ЗВР, і яшчэ адзін — у форме знешняга доўгу.

Даходы рэспубліканскага бюджэту склалі 19,6 млрд рублёў, або 77,1 % удакладненага гадавога плана, выдаткі — 20,2 млрд рублёў, або 72,4 % удакладненага гадавога плана. Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту склаўся ў памеры 0,6 млрд рублёў, паведаміла прэс-служба Мінфіна. Краіна вымушаная эканоміць на выдатках, таму што не дабірае даходаў. За два месяцы трэба сабраць практычна чвэрць — 23 % ад гадавога плана — даходаў, каб наш бюджэт (і так першапачаткова дэфіцытны) больш-менш сышоўся.

Як і што прадаць

Для таго, каб грошы былі, можна, па словах ката Матроскіна, «прадаць што-небудзь непатрэбнае». Непатрэбнага ў нас — заваліся. Толькі купляць яго ў нас пакуль ніхто не збіраецца. Экспарт няўхільна падае, гандаль з Захадам знізіўся аж на 16 %.

Напрыклад, экспарт у Вялікабрытанію сёлета ўпаў на 66 %, у Нідэрланды — на 42,6 %. «Мінус» Латвіі — 34 %, Украіны — 30 %, ЗША — 17,6 %, Польшчы — 11 %. Самыя крыўдныя, вядома, першыя дзве пазіцыі: у Вялікабрытанію і Нідэрланды экспартуюцца беларускія нафтапрадукты. У гэтым годзе Беларусь экспартавала іх за восем месяцаў гэтага года толькі на 1,7 млрд долараў, што ў 2,3 разы менш, чым у мінулым годзе.

Можна нават выказаць здагадку, што раней «залатаносная» нафтанка ў гэтым годзе прайграе «беднаму і гаротнаму» аграпрамысловаму сектару, які, афіцыйна генеруючы страты, экспартаваў у мінулым годзе прадуктаў на 5,5 млрд долараў. Аднак пытанне ў тым, што наша сельгаспрадукцыя ідзе на экспарт у асноўным у Расею і краіны ЕАЭС, а з імі ў нас — адмоўнае сальда гандлёвага балансу (гэта значыць, у іх мы купляем больш, чым прадаем). У той час як Вялікабрытанія, Нідэрланды, Украіна і Латвія нам давалі чысты прыток валюты, а не яе адток.

Паясы зацягнуцца на горле?

Грошы, як вядома, маюць уласцівасць заканчвацца, і ў нашым выпадку могуць скончыцца раптоўна — асабліва калі Еўропа хутка і эфектыўна ўвядзе трэці пакет санкцый у дачыненні да Беларусі, якія прадугледжваюць эканамічны ціск на дзяржаўны сектар эканомікі і набліжаны да ўлады бізнес.

У выпадку практычна поўнай адсутнасці знешняга фінансавання або непрымальных яго ўмоў, адкуль Беларусь можа адшукаць рэзервы? Тое, што Лукашэнка ў чарговы раз папросіць беларусаў «зацягнуць паясы», — гэта да варажбіткі не хадзі. Але ці ёсць што зацягваць?

Эканаміст Леў Марголін кажа, што беларускія грамадзяне зацягнуць паясы яшчэ могуць. «У беларусаў заўсёды былі два рэзервы — гэта заначкі, калі яны ў кагосьці засталіся, і падсобныя прысядзібныя гаспадаркі і дачы. Іншых рэсурсаў для зацягвання паясоў у нас няма. Трэці рэсурс — сабраць валізкі і зваліць куды-небудзь, дзе сітуацыя больш добрая, — не для ўсіх. Ён пасуе тым людзям, у якіх ёсць добрая спецыяльнасць і запатрабаваная прафесія, хто ў гэтай прафесіі чагосьці дамогся. Аднак такіх людзей не вельмі шмат. Астатнім застаюцца толькі заначкі і падножны корм», — мяркуе Леў Марголін.

Што ж тычыцца дзяржавы, то ў яе, на думку спецыяліста, таксама два шляхі. «Першы — дзяржава прыпадабняецца суседу-алкаголіку, які, калі ў яго сканчаюцца грошы, ходзіць па кватэрах ды спрабуе ў каго-небудзь што-небудзь выкленчыць, б’е сябе кулаком у грудзі, што гэта ў апошні раз, што больш такога не будзе, і што ён ужо ўладкаваўся на працу і прыступае з заўтрашняга дня. Сапраўды, гэтак жа і наша дзяржава. Калі атрымаецца нешта ў кагосьці выпрасіць — добра. Калі не атрымаецца, прыйдзецца ўключаць друкарскі станок», — разважае Марголін.

І, як бы не супраціўляўся друкаванню грошай Нацбанк, але ў канчатковым выніку іншай магчымасці проста не застанецца: трэба плаціць пенсіі, зарплаты бюджэтнікам. «Паспрабуйце зараз не заплаціць лекарам ва ўмовах COVID-19!» — кажа Марголін. Іншая справа, што напампоўка эканомікі «пустымі» грашыма прыводзіць да самых сумных наступстваў.

Рызыка — справа невысакародная

У сучасных палітычных умовах на якія-небудзь крэдыты з боку Захаду ці нават Кітая разлічваць не прыходзіцца. Застаецца спадзявацца на Расею. Але, у адрозненне ад «мядовых гадоў», калі Расія гатовая была ва ўсім падтрымліваць Беларусь (праўда, часам у канцы года ўзнікалі канфлікты з нагоды коштаў на энерганосьбіты, але яны практычна заўсёды вырашаліся станоўча для Беларусі), цяпер Расея не згодная даваць безумоўныя крэдыты, — крэдыты без палітычных і эканамічных умоў кшталту правядзення канстытуцыйнай рэформы, інтэграцыі манетарнай або падатковай сістэм.

Акрамя таго, Расея цяпер сама ў пазіцыі чакання. Новаабраны амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн выразна выказаўся наконт Беларусі, але да гэтага часу не сказаў, як ён будзе будаваць адносіны з Расеяй. А ад гэтага залежыць, напрыклад, курс расійскай валюты, а значыць — і беларускага рубля.

Канечне, у якасці крыніцы грошай могуць выступіць беларускія «блакітныя фішкі» (акцыі найбольш буйных, ліквідных і надзейных кампаній са стабільнымі паказчыкамі даходнасці, а таксама самі гэтыя кампаніі). Раней Лукашэнка выстаўляў за тыя ж «Нафтан» або «Беларуськалій» завоблачныя кошты, але цяпер для захавання ўлады ён можа пайсці на тое, каб, груба кажучы, знізіць кошт, і можа пачаць гандляваць «блакітнымі фішкамі», каб фінансаваць утрыманне ўласнай улады. Іншымі словамі, рэжым можа пачаць па зніжцы (а сапраўдную цану ў цяперашняй нестабільнай сітуацыі ніхто і не дасць) распрадаваць народны здабытак.

Пытанне ў тым, «купіцца» на гэтыя прапановы хто-небудзь. «Бо купляць беларускія “фішкі” будзе, хутчэй за ўсё, не Расея як дзяржава, а канкрэтныя прадпрымальнікі і бізнесоўцы, — тлумачыць Марголін. — Яны не могуць не разумець: нелегітымнасць беларускага пакуль яшчэ кіраўніка дасягнула такога ўзроўню, што новая ўлада цалкам можа прызнаць усе гэтыя здзелкі нікчэмнымі, прычым без вяртання выдаткаваных сродкаў. Калі ў сітуацыі з “Белтрансгазам” была абумоўленая магчымасць яго вяртання ва ўласнасць дзяржавы з адпаведнай кампенсацыяй, то тут кампенсацыі не будзе».

Гэтую рызыку варта ўлічваць жадаючым «пагрэць рукі» на беларускай сітуацыі.

Самы просты выхад

На думку Марголіна, самы просты выхад з сітуацыі — гэта змена ўлады і рэформы, у першую чаргу, палітычныя. Яны дазволяць прыцягваць інвестыцыі, бо ў сітуацыі дзяржаўнага безграшоўя мы апынуліся менавіта па палітычных прычынах. Іншых варыянтаў паляпшэння эканамічнай сітуацыі не праглядаецца.

novychas.by