„Марш мудрасці” ў Менску



14.34. На Прывакзальнай плошчы ўдзельнікі маршу пенсіянераў скандавалі «Жыве Беларусь!», у гучнагаварыцель  міліцыя папярэджвала пра несанкцыянаваную акцыю і прасіла разысціся.

Пасля прыехалі бусікі з сілавікамі і разагналі тых, хто сабраўся на Прывакзальнай плошчы.

14.17. Частка ўдзельнікаў „Маршу пенсіянераў” дайшла да плошчы Незалежнасці. Пенсіянеры сабраліся каля ёлкі, міліцыянт у гучнагаварыцель паўтарае, што акцыя несанкцыянаваная.

Другая частка маршу дайшла да Прывакзальнай плошчы. Удзельнікі сабраліся каля корпуса ФМА.

Фота: t.me/onlinerby

13.20. Удзельнікі «Маршу мудрасці» дабраліся да заблакаванай сілавікамі плошчы Якуба Коласа, пасля чаго пачаліся кропкавыя затрыманні ўдзельнікаў. Частцы з іх удалося пакінуць плошчу.

На маршы пенсіянераў затрымалі журналістаў „Белсату” Любоў Лунёву і аператара Івана Куракевіча. Паводле інфармацыі тэлеканала, журналістаў спачатку адвезлі ў Савецкае РУУС, а затым у ізалятар на Акрэсціна.

12.37. Сілавікі перагарадзілі рух па праспекце ў бок цэнтра. 

На плошчы Якуба Коласа затрымалі пенсіянерку. Там АМАП па-ранейшаму дзяжурыць ля ўваходаў у падземныя пераходы, стаяць аўтобусы і бусы з сілавікамі.

На плошчы Якуба Коласа не спыняецца грамазскі транспарт.

У Маршы бяруць удзел некалькі соцень чалавек.

На плошчы Якуба Коласа заўважана шмат таніраваных мікрааўтобусаў, а таксама жоўтыя аўтобусы з сілавікамі.

12.00. На плошчы Якуба Коласа збіраюцца ўдзельнікі маршу пенсіянераў. Іх праз гучнагаварыцель папярэджваюць аб тым, што мерапрыемства не санкцыянаванае, паведамляе tut.by.