У ІЧУ 344 удзельнікі нядзельных маршаў



За ўдзел у пратэстных акцыях 6 снежня ў Беларусі затрыманыя і змешчаныя ў ізалятары 344 чалавекі, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале.

Паводле яе слоў, некаторыя з затрыманых раней ужо прыцягваліся да адказнасці за ўдзел у пратэстных акцыях.

Як паведамляе Чамаданава, у Менску несанкцыянаваныя мерапрыемствы праходзілі адначасова ў некалькіх месцах, у асноўным у дварах дамоў.

„У мэтах стабілізацыі становішча праваахоўнікі затрымлівалі завадатараў і „актывістаў” з незарэгістраванай сімволікай, што скандуюць правакацыйныя лозунгі, якія заклікаюць да парушэнняў грамадскага парадку. У адзінкавых выпадках людзі спрабавалі выходзіць на праезную частку, некаторыя асобы аказалі актыўнае непадпарадкаванне законным патрабаванням праваахоўнікаў. Прымаліся меры па спыненні падобных дзеянняў”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-сакратара міліцэйскага ведамства.

Чамаданава сцвярджае, што нядзеля прайшла „даволі спакойна: істотна знізілася колькасць пратэстных акцый і колькасць іх удзельнікаў”.

Як паведамлялася, акцыі пратэсту трэцюю нядзелю запар праходзілі ў новым фармаце — людзі збіраліся ў дварах, раёнах і мікрараёнах. Каб разгрупаваць сілавікоў і зменшыць колькасць затрыманняў, удзельнікі пратэстаў арганізоўвалі лакальныя шэсці. Раённыя акцыі працягваліся і ўвечары.

Інтэрнэт-карыстальнікі ва ўсіх рэгіёнах паведамлялі аб праблемах з доступам да Telegram. Паводле інфармацыі ў сацсетках і тэлеграм-чатах, праблемы з доступам да сэрвісу ў асноўным назіраюцца ў абанентаў найбуйнейшага дзяржаўнага правайдара „Белтэлекам”.

У спісах затрыманых праваабарончага цэнтра „Вясна” 325 чалавек. Больш за ўсё затрыманняў было ў Менску. Людзей затрымлівалі ў Берасці, Віцебску, Гародні, Лагойску, Наваполацку, Смалявічах, а таксама ў пасёлку Хацежына (Менскі раён). Тэлеграм-канал валанцёраў „Спісы затрыманых” сабраў інфармацыю амаль пра 360 затрыманых.

Тэлеграм-канал „Белыя халаты. News” паведамляў аб шпіталізацыі з Кастрычніцкага РУУС 34-гадовага мужчыны, у нагу якога трапіла гумавая куля.

belapan.by