Ці выратуе Мясніковіч беларускую эканоміку?



Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір пракаментаваў “новае поле дзейнасці” былога кіраўніка беларускага ўрада Міхаіла Мясніковіча.

Мясніковіч узначаліць маніторынгавую групу, якая зоймецца выпрацоўкай мер для развіцця і росту эканомікі. Гэта было вырашана падчас нарады ў Лукашэнкі па актуальных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Нагадаем, што Міхаіл Мясніковіч узначальваў урад з 28 снежня 2010 года па 27 снежня 2014-га. Яшчэ раней быў віцэ-прэм’ерам, кіраваў Адміністрацыяй прэзідэнта, Акадэміяй навук… Зараз Міхаіл Мясніковіч узначальвае Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Міхаіл Чыгір: Для роста эканомікі ў першую чаргу патрэбны кардынальныя змены. Гэта ўжо настолькі старая ісціна, што і казаць пра гэта нават не хочацца. Гатовы Мясніковіч на рэформы? Падтрымаюць яго? Калі так, то можна чакаць і поспех. Але, калі ўсё застанецца па-ранейшаму, то воз застанецца на месцы. А можа яшчэ і горш стане, таму што беларускія даўгі растуць, а ў Расеі таксама сітуацыя пагаршаецца. Адным словам, усё будзе залежыць не ад стварэння розных групаў, не ад пасад Мясніковіча, а ад гатоўнасці ўлады прымаць кардынальныя рашэнні.

РР: Наколькі жыццёва неабходна сёння краіне “маніторынгавая група, якая зоймецца выпрацоўкай мер для развіцця і росту эканомікі”?

Міхаіл Чыгір: Чым ствараць розныя структуры, няхай бы лепш перанялі польскі вопыт. Няхай бы проста селі і падумалі, чаму такі вялізны разрыў у коштах у Польшчы і ў Беларусі. Вось у якім накірунку трэба працаваць, а не рабіць “аналіз і прагнозы”. Усе іх прагнозы і так ніколі не збываюцца. Каб эканоміка запрацавала, неабходны жаданне і сіла волі. Польскі шлях – гэта шлях усіх развітых еўрапейскіх краінаў. І Беларусь таксама абавязана была ісці гэтым жа шляхам. Мы ж стаялі раней з Польшчай на адным узроўні, краіны былі падобнымі, разам развіваліся… Наша прамысловасць, дарэчы, была больш магутнай чым польская. Стартавыя пазіцыі аказаліся аднолькавымі, але дзе зараз Польшча і дзе Беларусь? Беларуская ўлада павяла краіну сваім шляхам…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя