Пра прапанову забараніць бел-чырвона-белы сцяг



Часам лепей маўчаць, чым гаварыць. Вось кандыдата філасофскіх навук Мікалая Шчокіна за язык ніхто не цягнуў? Падаецца, не. Аднак трэба было сказаць яму гідкае і пра б-ч-б сцяг, і пра варожы Захад, і пра акцыі пратэсту, якія Мікалай Шчокін назваў неанаціскімі. Такое адчуванне, што Шчокін метадычку з савецкіх часоў дастаў і зачытаў. Увогуле дзіўна чуць ад чалавека, які з’яўляецца кіраўніком аддзела сацыялогіі дзяржаўнага ўпраўлення Інстытута сацыялогіі, такія выразы, як “альтэрнатыўшчыкі” ці “гаспадары-грантадаўцы”. Гэта нейкая новая прафесійная лексіка ад дзяржаўных навукоўцаў? Ці гэта кандыдаты філасофскіх навук цяпер так размаўляюць у публічнай прасторы? Гэта вам не Умбэрта Эка. Мікалая Шчокіна нездарма ўзнагароджваў Менгарвыканкам, Мінюст, Мінабр і іншыя ведамствы. Мікалай Шчокін ведае, што сказаць, каб атрымаць яшчэ адную ўзнагароду, а, можа, нават і медаль.

 А яшчэ Мікалай Шчокін прапанаваў забараніць бел-чырвона-белы сцяг і дазволіць яго толькі ў музеях і на рэканструкцыях. Мікалай Шчокін лічыць, што так можна будзе забараніць гераізацыю фашызму. Вось дзіўна, з якіх гэта часоў бел-чырвона-белы сцяг стаў фашысцкім? Як кандыдат філасофскіх навук Мікалай Шчокін мусіць ведаць пра некалькі інтэрпрэтацый тэрміну “фашызм”, у тым ліку і што гэта ідэалогія, якая прапаведуе форму кіравання дыктатарскага тыпу. Штосьці не заўважна, каб людзі пад б-ч-б сцягамі прапагандавалі дыктатуру. А ўвогуле цікава, калі зменіцца сітуацыя, якую песню запяе кіраўнік аддзела сацыялогіі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ