Марына Ляшчэўская: Наша мара – стварэнне Беларускага Дому ў Беластоку



Падчас грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі многія пачалі пакідаць краіну ў пошуках бяспечных умоваў жыцця. Беласток стаў адным з памежных гарадоў, які прыняў новых беларускіх мігрантаў.

З сённяшняй «Госцяй Рацыі» – прэзідэнтам Фонду «Беларусь 2020» Марынай Ляшчэўскай  пагутарым пра тое, як самаарганізуецца беларуская дыяспара ў сталіцы Падляшша.

РР: У гэтым годзе быў створаны Фонд “Беларусь 2020”, кіраўніком якога Вы сталі. Чаму ён узнік і якія вашыя мерапрыемствы бліжэйшым часам?

Марына Ляшчэўская: Фонд узнік на гэтай хвалі паслявыбарчай, якая адбылася ў Беларусі. Вельмі шмат людзей стала проста ўцякаць з Беларусі па зразумелых прычынах. Іх далейшае знаходжанне там было проста небяспечным. Гэтыя людзі маюць патрэбу ў дапамозе. Таму адным з асноўных чыннікаў стварэння фонду з’яўляецца гуманітарная дапамога. Таму што не ўсю, на жаль, дапамогу мы можам аказаць, з’яўляючыся фізічнымі асобамі. Больш якасную дапамогу ў большым аб’ёме мы можам аказаць, з’яўляючыся фондам.

У Беластоку пражывае такая вялікая колькасць беларусаў – тых, хто прыехаў, тут яшчэ вялікая колькасць этнічных беларусаў жыве. І няма арганізацыі, якая б іх аб’ядноўвала. Таму я і мае калегі вырашылі стварыць гэты фонд. Галоўнай нашай марай з’яўляецца стварэнне Беларускага Дому ў Беластоку. Месца, дзе змогуць сустрэцца беларусы, якія прыехалі, мігрыравалі, а таксама тыя, хто тут нарадзіўся і мае беларускае паходжанне. Месца, дзе гэтыя людзі змогуць атрымаць не толькі дапамогу, але і пазнаёміцца.

Сёння адбудзецца адкрыццё беларускага “шэлтара” ў Беластоку. Гэта часовае жыллё для тых, хто вымушаны быў тэрмінова пакінуць нашу Радзіму. Акрамя таго, што людзі змогуць там пражываць некаторы час да атрымання, напрыклад, статусу бежанца, там яны будуць вывучаць інтэнсіўна польскую мову, атрымліваць рознага кшталту кансультацыі, удзельнічаць у семінарах, трэнінгах. Мы пастараемся зрабіць так, каб гэтыя людзі, якія выйдуць з “шэлтара”, ужо мелі магчымасць разбірацца і разумець, што такое Польшча. І, канешне, мы, беларусы, якія тут жывуць ужо даўно і прайшлі ўсе стадыі адаптацыі, хочам падзяліцца сваім досведам і быць разам з нашымі беларусамі.

Цалкам матэрыял у далучаным гукавым файле:

Гутарыла Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: са старонкі Марыны Ляшчэўскай у Facebook