7 снежня ў судах разгледжана больш за 170 спраў у сувязі з акцыямі пратэсту



У Менску і іншых гарадах краіны 7 снежня суды разгледзелі не менш за 175 адміністрацыйных спраў у сувязі з удзелам людзей у акцыях пратэсту, паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.

Большасць атрымалі адміністрацыйны арышт ад 7 да 25 сутак. Найбольш распаўсюджаны артыкул КоАП — 23.34 (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў).

У прыватнасці, 15 сутак арышту атрымаў затрыманы напярэдадні паэт і рок-музыкант Уладзімір Лянкевіч (другі раз з пачатку пратэстаў).

Два чалавекі (мужчына і жанчына) арыштаваныя на 13 сутак за вывешаныя на лоджыях бел-чырвона-белыя сцягі. Грамадзяне былі затрыманыя 4 снежня ва ўласных кватэрах. Суд пастанавіў сцягі знішчыць.

Праваабаронцы не прыводзяць звестак аб колькасці затрыманых у сувязі з пратэстнымі акцыямі 7 снежня. Аднак, паводле інфармацыі тэлеграм-канала „Спісы затрыманых (Жодзіна+Акрэсціна+Баранавічы+Магілёў)”, не менш за 11 чалавек былі затрыманыя ў сталіцы падчас традыцыйнага для панядзелка маршу пенсіянераў, у тым ліку жанчыны 1939, 1948, 1949 і 1953 гадоў нараджэння, а таксама журналісты польскага тэлеканала „Белсат” Любоў Лунёва і Іван Куракевіч, якія дастаўленыя ў цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, дзе будуць знаходзіцца да суда. Жанчына 1939 года нараджэння вызваленая, 1948, 1949 і 1953 гадоў нараджэння — дастаўленыя ў ізалятар часовага ўтрымання.

belapan.by