COVID-19 і рэвалюцыя



На сёння наўрад ці можна аб’ектыўна ацаніць долю ўкладу таго ці іншага фактару, звязанага з пандэміяй COVID-19, у тыя кардынальныя змены грамадска-палітычнай сітуацыі ў Беларусі, якія адбыліся ў 2020 годзе.

Аднак можна канстатаваць што падобныя сувязі маюцца, і яны досыць істотныя.Аўтарытарны рэжым Лукашэнкі, шмат у чым сфармаваўся і здолеў праіснаваць больш за чвэрць стагоддзя за кошт таго, што ў свой час, ён паказваў пэўную эфектыўнасць ў вырашэнні шэрагу праблем, якія стаяць перад краінай (стабілізацыя эканомікі, захаванне пэўных сацыяльных гарантый, барацьба са злачыннасцю), хаця гэтыя вынікі дасягаліся за кошт паступовага знішчэння асноўных правоў і свабод людзей, спусташэння ўсіх дэмакратычных прынцыпаў кіравання краінай.

Аднак, сутыкнуўшыся з новымі выклікамі часу, аўтарытарны рэжым прадэманстраваў сваю поўную неэфектыўнасць ў вырашэнні базавых пытанняў забеспячэння бяспекі людзей.

Тым самым, рэжым у істотнай ступені страціў падтрымку значнай часткі насельніцтва, якая раней была гатовая мірыцца з яго шматлікімі недахопамі дзеля ілюзіі адносна спакойнай, стабільнага і бяспечнага жыцця. 

Гэта, безумоўна, істотна адбілася на выніках прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, якія рэжым відавочным чынам прайграў і сфальсіфікаваў, тым самым цалкам страціўшы ўласную легітымнасьць і трансфармаваўшыся ў наўпроставую дыктатуру, якая абапіраецца на сілавыя структуры і якая знаходзіцца ў стане фактычнага грамадзянскага канфлікту з уласным народам. 

Досвед пандэміі COVID-19, безумоўна будзе сур’ёзна вывучацца спецыялістамі з самых розных сфер. Хутчэй за ўсё будзе шмат дыскусій на тэму таго, якія формы праўлення, аўтарытарныя або дэмакратычныя, дазваляюць больш эфектыўна спраўляцца з падобнымі выклікамі.  

Досвед Беларусі паказвае, што, па-першае, сучасныя аўтарытарныя рэжымы, чыё станаўленне было звязана з «рухам назад» адносна заваяваных раней дэмакратычных прынцыпаў, цалкам могуць «старэць» і страчваць эфектыўнасць у вырашэнні праблем, якія ўзнікаюць перад грамадствам. Па-другое, што ў сучасным свеце, прасякнутым мноствам інфармацыйных сувязяў і каналаў камунікацыі, падобная неэфектыўнасць можа хутка стаць каталізатарам сур’ёзных грамадска-палітычных працэсаў.  

 

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ