Microsoft адмовілася ад паставак новых Xbox ў Беларусь



Microsoft адмовілася ад афіцыйных паставак у Беларусь новых кансоляў Xbox Series з-за палітычнага становішча і магчымых санкцый у дачыненні да краіны.

Гандлёвыя кампаніі-партнёры ўдакладняюць, што Microsoft не сертыфікуе новую прадукцыю ў Беларусі, што кажа пра адсутнасць планаў рэалізацыі і гарантыйнага суправаджэння.

У самой Microsoft тлумачаць адмову ад продажаў накладзенымі санкцыямі, хоць не канкрэтызуюць, якімі.

Як паведамляе АФН, пілотную пастаўку кансоляў Xbox Series у нашу краіну ажыццявіла адна з кампаній. Выданне дапускае, што сертыфікацыя была праведзена самастойна для асобнай партыі. Гэта значыць, што для кожнай новай партыі яе прыйдзецца паўтараць.

Па інфармацыі Digital Report, Microsoft таксама мае намер зачыніць доступ да гульнявой пляцоўцы і крамы з Беларусі. Гэта значыць, што ў нашай краіне хутка знікне магчымасць купляць лічбавыя копіі гульняў і праграм у краме Microsoft.

Крыніцы ўдакладняюць, што гэтая мера прадыктаваная не столькі санкцыямі, колькі новай стратэгіяй, калі навінкі прысутнічаюць толькі на рынках, якія прызнаюцца амерыканскай карпарацыяй.

Пытанне афіцыйнай прысутнасці Xbox Series у Беларусі будзе вырашацца летам 2021 года, як і пытанне арганізацыі плацяжоў у краме гульняў у беларускіх рублях. Крыніцы мяркуюць, што гэтыя планы могуць быць адкладзеныя праз складаную палітычную сітуацыю ў краіне.

Альтэрнатыўны варыянт, які разглядае Microsoft, — гэта сертыфікацыя кансолі для беларускага рынку, але толькі пасля таго, калі ўсе ключавыя краіны задаволяць попыт на новую прыладу.

novychas.by