Беларусы пераможна стартавалі ў кваліфікацыі ЧЕ па міні-футболе



Зборная Беларусі па міні-футболе паспяхова стартавала ў адборавым турніры чэмпіянату Еўропы. У Рышон-ле-Цыён падначаленыя Аляксандра Савінцава ў першым паядынку 5-й кваліфікацыйнай групы ўпэўнена перайгралі каманду Ізраіля з лікам 3:0. У пачатку першай паловы матчу вызначыўся Юрый Рабыка, а пасля перапынку Максім Еўдакімаў і Уладзіслаў Сялюк яшчэ двойчы засмуцілі брамніка ізраільцянаў. Беларусы свой наступны паядынак правядуць 2 лютага ў гасцях у вугорцаў. У фінальны этап кантынентальнага першынства 2022 года наўпрост выйдуць пераможцы васьмі адборавых груп і шэсць лепшых каманд, якія занялі другія месцы. Фінальная стадыя чэмпіянату Еўропы пройдзе ў Нідэрландах з 9 студзеня па 6 лютага 2022 года.

«Манчэстар Юнайтэд» вылецеў у Лігу Еўропы

Напярэдадні прайшоў першы дзень заключнага тура групавога этапу розыгрышу Лігі чэмпіёнаў. Галоўнымі падзеямі сталі расісцкі скандал у матчы «ПСЖ» – «Башакшэхір», а таксама вочная сустрэча каманд Месі і Раналду ў Барселоне. Скандал у Парыжы разгарэўся пасля таго, як на 14-й хвіліне рэзервовы суддзя з Румыніі назваў аднаго з памочнікаў трэнера турэцкага клуба «чорным». Пасля гэтага каманда сышла з поля, а матч быў спынены. Сенсацыяй стала перамога нямецкага «РБ Лейпцыг» над «Манчэстэр Юнайтэд» 3:2. Пры тым, што ў першай сустрэчы яны разгромна прайгралі англічанам 0:5. Гэта дазволіла «Лейпцыгу» выйсці ў плэй-оф і нечакана выкінуць «МЮ» у Лігу Еўропы, незалежна ад таго, як завершыцца перарваны матч «ПСЖ». Другая сенсацыя – разгром «Барселоны» на яе ж стадыёне «Камп Ноў». «Ювентус» з дапамогай двух забітых пенальці Раналду і гола МакКена змог перамагчы з патрэбным лікам 3:0 і пры роўнасці ачкоў выйсці ў плэй-оф з першага месца ў групе (у першай гульні італьянская дружына прайграла 0:2.

Піцерскі «Зеніт» так і не змог дамагчыся ніводнай перамогі. У хатнім матчы з «Барусіяй», якая датэрмінова забяспечыла сабе пуцёўку ў плэй-оф чэмпіёнскай Лігі, піцерцы саступілі 1:2. 16-гадовы форвард дортмундскай „Барусіі” Юсуф Мукока стаў самым маладым гульцом у гісторыі Лігі чэмпіёнаў. Другі пропуск заваявалі футбалісты італьянскага „Лацыё”, якія ў Рыме згулялі ўнічыю з бельгійскім „Бруге” 2:2. «Краснадар» у гасцях змог згуляць унічыю з «Чэлсі» 1:1 – гэты расійскі клуб адпраўляецца ў Лігу Еўропы. Беларускі капітан расійскай каманды Аляксандр Мартыновіч адыграў „ад званка да званка”. У іншых матчах кіеўскае „Дынама” адолела „Ферэнцвараш” 1:0 і выйшла ў плэй-оф Лігі Еўропы. А французскі «Рэн» саступіў іспанскай «Севільі» – 1:3.

Гандбалісты менскага СКА разграмілі „Гомель” у чэмпіянаце Беларусі

Гандбалісты мінскага СКА падняліся на другое месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату Беларусі. Віцэ-чэмпіёны краіны разграмілі на сваёй пляцоўцы бронзавых прызёраў гандбалістаў „Гомеля” з лікам 40:28.

Турнірную табліцу ўзначальвае дзеючы чэмпіён „Мяшкоў Брэст”, які сёння ў матчы групавога этапу Лігі чэмпіёнаў згуляе ў Сегедзе з вугорскім клубам „Пік”.

„Менчанка” выйграла ў першай партыі, але саступіла „Вашашу” на тай-брэйку і вылецела з Кубка ЕКВ

„Менчанка” не змагла прабіцца ў чвэрцьфінал жаночага валейбольнага Кубка ЕКВ. У матчы 1/8 фіналу беларускі саступілі вугорскаму „Вашашу” — 2:3. Цікава, што „Менчанка” упэўнена выйграла ў першай партыі. Лепшым бамбардзірам беларускай каманды стала Маргарыта Сцепаненка – яна набрала 21 ачко.

Вікторыя Азаранка заваявала тытул „Вяртанне года”

Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка стала ўладальніцай узнагароды „Вяртанне года” Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). У гэтай намінацыі 31-гадовая беларуска абышла балгарку Цвятану Піронкаву, немку Лауру Зігемунд і румынку Патрыцыю Марыю Цыг. У бягучым годзе экс-першая ракетка планеты Вікторыя Азаранка, якая займае цяпер 13-е месца ў сусветным рэйтынгу, перамагла на турніры ў Нью-Ёрку, а таксама дабіралася да фіналу на US Open і спаборніцтвах у Астраве.

Акрамя таго, Вікторыя Азаранка і яшчэ адна беларуска – дзясяты нумар сусветнага рэйтынгу Арына Сабаленка – былі ў спісе прэтэндэнтак на званне лепшай тэнісісткі планеты. У выніку галасавання прадстаўнікоў сусветных СМІ гэты тытул дастаўся 22-гадовай прадстаўніцы ЗША Сафіі Кенін. У намінацыі „Прагрэс года” перамагла 19-гадовая польская тэнісістка Іга Свёнтэк.

Беларускае Радыё Рацыя