Яніс Урбановіч: Не далёкі ўжо дзень, калі Рыгоравіч сыдзе
Нават прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі кажуць аб яго хуткім сыходзе. Дэпутат Сейма Латвіі і лідар сацыял-дэмакратычнай партыі „Згода” Яніс Урбановіч апублікаваў „амаль ліст Лукашэнку”.
Фота: Latvijas Republikas Saeima
Прадстаўнік рускамоўнага насельніцтва Латвіі падкрэсліў годнасць ранейшай палітыкі кіраўніка Беларусі. Яніс Урбановіч з настальгіяй успомніў, што ў 1990-я Лукашэнка карыстаўся папулярнасцю, бо здолеў перамагчы ў Беларусі злачыннасць і забяспечыць стабільнасць, піша «Салідарнасць».
Аднак напрыканцы ліста дэпутат Сейма Латвіі цёпла развітаўся з Лукашэнкам:
«Відаць, не далёкі ўжо той дзень, калі Аляксандр Рыгоравіч сыдзе са сваёй цяперашняй пазіцыі. Будзь яго пасада сімвалічнай або намінальнай — як у некаторых суседзяў, — мог бы спакойна займаць яе яшчэ. Але гэта не беларускі выпадак. І прычынай тут час: спыніць або павярнуць яго назад нікому яшчэ не ўдавалася.
Я хачу пажадаць Аляксандру Рыгоравічу, каб ён правёў гэтыя падзеі з годнасцю, гонарам, з халоднай галавой, у інтарэсах свайго народа і-слухаючы выключна свой народ. “Добразычліўцаў” і дарадцаў вакол шмат, а адказнасць за краіну адна, яе не размяняеш, як рубель на пятакі.
З гэтай нагоды хачу пажадаць толькі аднаго: разумна і з карысцю скарыстацца і сваім аўтарытэтам, і ўсімі наяўнымі магчымасцямі. Каб дапамагчы гісторыі вылучыць на змену сабе постаць не меншага маштабу, прытым чалавека здольнага, сучаснага разумнага і прыстойнага».